«Крумкачы» аб’яўляюць праграму абанементаў на сезон-2023

Вось-вось пачнецца новы, юбілейны, 10-ы сезон, калі мы будзем чакаць кожнага з вас на трыбунах. Ваша падтрымка, як глыток ранішняга паветра ў надыходзячым летнім дні ў Мінску. Мы чакаем вас, каб разам з вамі зарабляць смешны загар улетку, каб жмурыцца ад дажджу ўвосень і хавацца ў шалікі ад пранізлівага ветру ў канцы сезона.

Для тых, хто ўпэўнены ў тым, што правядзе з намі кожны матч у гэтым сезоне, мы распрацавалі новыя сезонныя абанементы, якія будуць даступны ўжо праз пару дзён.

«Заўзятарскі». На гэтым абанеменце вас сустрэне наш мілы маскот Крумка, які заўсёды будзе рады вас бачыць і канешне ж абняць. У гэты абанемент мы ўключылі праход на ўсе матчыгэтага сезону: не толькі рэгулярнага чэмпіянату, але і плэй-оф, а мы ўпэўнены, што абавязкова патрапім туды. Акрамя асалоды ад матчаў улюблёнай каманды, вы таксама можаце дадаць season box, куды ўвойдзе лімітаваны мерч, каб з ім падтрымліваць каманду ўвесь сезон.

«Трэнерскі». Абанемент, які вам дазволіць абраць тыя плюшачкі, якія самі захочаце, як наш трэнер Сяргей Казека, які будзе на вашым абанеменце, выбірае сабе гульцоў у стартавы склад. Уладальнікі гэтых абанементаў могуць уключыць у яго кошт праход на ўсе матчы сезону; 2 гадзінкі з кімсьці з нашых гульцоў, каб задаць ім самыя цікавыя і хітранькія пытаннечкі, на якія мы забываемся на прэс-канферэнцыях; сапраўдную футбольную цішотку новага сезона; магчымасць стаць сапраўдным каментатарам ці дыктарам на матчы; і яшчэ шмат чаго, мы нават самі не прыдумалі, усё абмяжоўваецца толькі вашай фантазіяй і нашымі магчымасцямі.

«Легендарны». Што першае вы ўспамінаеце, калі чуеце «легенда «Крумкачоў»? Канешне, Аляксандр Яцкевіч, які ў мінулым сезоне стаў найлепшым бамбардзірам клуба. Таму менавіта ён будзе прадстаўлены на нашым абанеменце. Галоўнае адрозненне гэтага абанемента ў тым, што вы зможаце выйсці на поле ў афіцыйным матчы за ваш любімы клуб. Калі узгадваем, як у мінулым годзе два нашых заўзятары дэбютавалі за клуб… Слёзкі на вачах, а якая падтрымка была – мурашы па скуры. Хочаце адчуць роў трыбун і шчырую падтрымку сяброў? Тады гэты абанемент для вас, бо менавіта так і нараджаюцца легенды.

І апошняе, але не па значэнні. Мы вырашылі, што ў гэтым годзе зробім нашыя абанементы анімаванымі. Кожны персанаж – Крумачка, Сяргей Казека ці Аляксандр Якцевіч – калі на іх навесці камеру, будуць ажываць, як сапраўдныя. Калі будзеце сумаваць па матчах на тыдні, проста дастаньце смартфон і павітайцеся з клубам вось так.

РАЗАМ ЗМОЖАМ ПЕРАМАГЧЫ!