«Мы хочам захаваць клуб і не жадаем спадзявацца ў сваім планаванні на авантуры». Дырэктар НФК «Крумкачы» Алег Давідовіч каментуе адмову ад удзелу ў Д2

Сёння стала вядома, што “Крумкачы” адмовіліся ад праходжання ліцэнзавання ў Першую лігу. Дырэктар НФК “Крумкачы” Алег Давідовіч пагаварыў з прэс-службай клуба аб дадзеным рашэнні і падзяліўся планамі на маючы адбыцца сезон.

— Чаму было прынята рашэнне не пайсці ў Першую лігу?

— Па спартовым прынцыпе мы заслужылі права выступаць у сезоне-2023 у Першай лізе, як заслужыў гэта наш трэнерскі штаб, футбалісты і нашы заўзятары. Мы хацелі захаваць каманду і паспрабаваць свае сілы гэтым складам на якасна новым узроўні. Нажаль, не ўсё вырашаецца спартовымі дасягненнямі і майстэрствам. Мы заўсёды былі ўзорам эфектыўнага выкарыстання існуючых матэрыяльных рэсурсаў, але сёння нават ва ўмовах самай жорсткай эканоміі, мы не можам гарантаваць бесперапынны наш фінансавы дабрабыт на працягу ўсяго будучага сезона.

У лістападзе мінулага гады мною быў складзены бюджэт для ўдзелу ў Д2 і Д3. Адпаведна, потым ішла работа па пошуку партнёраў. Акрамя больш за 200 разасланых камерцыйных прапаноў па электроннай пошце, было каля 20 сустрэч і тэлефонных перамоваў. На сённяшні дзень мы ўсё яшчэ працягваем перамовы з шэрагам патэнцыйных партнёраў.

На момант апошняга тэрміна падачы заявы на праходжанне ліцэнзавання ў АБФФ, неабходнай сумы для ўдзелу клуба ў Д2 у нас няма.

— Чым пагражае ўсё ж пайсці ў сезон з недахопам бюджэту?

— Рызыкай зняцця каманды з чэмпіянату Д2 на працягу сезона.

Па рэгламенце Першай лігі 75% футбалістаў павінны быць на кантрактах, арэнда палёў, змест ліцэнзійных груп – гэта вялікія грошы. Мы жадаем захаваць клуб і не жадаем спадзявацца ў сваім планаванні на авантуры.

— Якія планы на будучы сезон у Другой лізе?

— Мы будзем будаваць новую каманду, як заўсёды, здольную і гатовую вырашаць самыя высокія спартыўныя задачы. Будзем рады ўсім хлопцам мінулага сезона, якія прымуць рашэнне застацца з намі. Мы ўдзячныя і жадаем удачы тым, хто вырашыць паспрабаваць свае сілы на іншым узроўні. Мы хочам захаваць наш трэнерскі штаб і зрабілі яго прадстаўнікам адпаведную прапанову аб працягу супрацоўніцтва, атрымаўшы, папярэднюю згоду.

Задачы клуба застаюцца нязменнымі – заваяваць першае чэмпіёнства ў гісторыі клуба, развіваць моладзь і радаваць балельшчыкаў не толькі на полі, але і за яго межамі.

Разам зможам перамагчы!

Прэс-служба НФК “Крумкачы”