“Вырашылі незалежна ад дывізіёна прайсці разам яшчэ адзін сезон” – галоўны трэнер “Крумкачоў” дзеліцца бліжэйшымі планамі

– Сяргей Васільевіч, рады вітаць вас у камандзе ў сезоне-2024. Трэці сезон запар вы падпісваеце кантракт на пасаду галоўнага трэнера. Раскажыце аб сваім рашэнні.

– Пагутарылі з дырэктарам клуба і вырашылі па-за залежнасцю ад дывізіёна мінуць разам яшчэ адзін сезон.

– Ці ёсць у вас разуменне, калі каманда пачне паўнавартасную падрыхтоўку да сезону і фарміраванне складу?

– На наступным тыдні пачнем паўнавартасны трэніровачны працэс. У першую чаргу мы будзем разлічваць на гульцоў мінулага сезона – многія чакаюць, пішуць. Таксама будзем праглядаць моладзь і шукаць пару-тройку дасведчаных гульцоў.

Па таварыскіх матчах канкрэтнай інфармацыі няма, але плануем праз два тыдні згуляць першы таварыскі матч. Фарміраванне складу будзе ісці як звычайна да самага пачатку сезона.

– Андрэй Казарын нядаўна пакінуў клуб. Раскажыце, ці ёсць зараз кандыдаты на пасаду вашага асістэнта.

– Хочацца сказаць дзякуй Андрэю Мікалаевічу за сілы і эмоцыі, якія ён уклаў у каманду. Будзе не хапаць яго ў гэтым сезоне. Кандыдаты ў трэнерскі штаб ёсць, кіраўніцтву клуба я агучыў свае пажаданні, далей рашэнне за дырэктарам. Але на Уладзіміра Бушму ў гэтым сезоне я разлічваю, не дарма ён у мінулым сезоне трэнерскую ліцэнзію атрымаў.

– Дзякуй, Сяргей Васільевіч! З нецярпеннем чакаем першыя перадсезонныя матчы.