Вынікі сезона-2023: супярэчлівае першае кола, другі фінал запар, перспектывы Першай лігі

У адыходзячым годзе «Крумкачы» пад кіраўніцтвам Сяргея Казекі паўтарылі вынікі мінулага сезона, заваявалі два сярэбраныя медалі і з перспектывай глядзяць у будучы сезон.

Сяргей Васільевіч прыняў кіраўніцтва камандай у лютым 2022 года і па выніках сезона-2022 захаваць паўнацэнны склад каманды не ўдалося. На “павышэнне” пайшлі Вадзім Фаставец, Аляксандр Бакіноўскі, Арсеній Старыкаў (“Жодзіна-Паўднёвае”, Д2), Мацвей Сухарэнка (“Мінск”, чэмпіянат дублёраў). Кар’еру завяршыў лідэр каманды Аляксандр Яцкевіч.

У пачатку сезона каманда ўзмацнілася гульцамі “Асіповічаў” – Павел Ляхновіч, Андрэй Стрыжэус, Расціслаў Шэры, якія, на жаль, так і не змаглі паўнацэнна ўліцца ў каманду і ўжо пасля першага круга пакінулі каманду. На змену ім вярнуўся адзін з лідэраў сезона-2022 – Арсеній Старыкаў, а таксама тройка гульцоў «Макслайна» – Глеб Крыўцоў, Зміцер Вашкель і Вадзім Пракапенка. Таксама другая частка сезона была адзначана і вяртаннем Сяргея Лынько. Менавіта гэтыя пераўтварэнні складу дазволілі клубу заняць 2-ое месца ў Мінскага дывізіёне, і ў далейшым прабіцца ў фінал Д3.

Заняўшы 2-е месца ў Мінскім дывізіёне, “Крумкачы” сталі самай забіўной камандай дывізіёна – 61 мяч (“Трактар” – 53, БДУ – 39 мячоў) і трэцяй па надзейнасці камандай – 25 прапушчаных мячоў (Юні Мінск – 22, БДУ – 24. ). Пабілі ў сезоне некалькі клубных рэкордаў – самая буйная перамога ў гісторыі клуба над мінскім “Тарпеда” – 9:0 у рамках 11 тура і першы пента-трык у гісторыі каманды ў выкананні Сяргея Лынько ў матчы 14 тура з “Серабранка-VOLAT”.

Усяго ў чэмпіянаце «Крумкачы» правялі 24 гульні, атрымалі 14 перамог, забіўшы 79 мячоў і прапусціўшы 32. Таксама дадамо, што ў канцы сезону ў нашых футбалістаў была 15-матчавая бяспройгрышная серыя, якая, на жаль, абарвалася ў фінале.

Былі паказаны 51 жоўтая картка і 3 чырвоныя карткі – Глебу Крыўцову, Андрэю Казарыну і Сяргею Казеку.

У Кубку Беларусі “Крумкачы” выступілі няўдала, уступіўшы ў серыі пенальці ў першым жа раундзе (1/256 фіналу) “Ураджайнай”.

“Крумкачы” традыцыйна сталі самай наведвальнай камандай Мінскага дывізіёна (агульная наведвальнасць 16 матчаў чэмпіянату – больш за 3500 заўзятараў). Сярэдняя наведвальнасць дамашніх матчаў каманды – 265 заўзятараў (Юні Мінск – 118, Трактар – 109). Таксама традыцыйна гасцявыя матчы з «Крумкачамі» сталі самымі наведвальнымі матчамі ў астатніх каманд дывізіёна.

Самы папулярны матч Мінскага дывізіёна – матч 18 тура “Крумкачы” – Юні Мінск – 400 гледачоў. Самыя наведвальныя дамашнія матчы “Крумкачоў” акрамя вышэй названага – матчы плей-оф (1/4 з “Трактарам” – 400 гледачоў, 1/2 са “Стэнлесам” – 400 гледачоў). Самы наведвальны выязны матч клуба – паўфінал са «Стэнлесам» у Пінску – 504 гледачы.

Фінал Другой лігі сабраў на стадыёне “Дынама-Юні” – 1417 заўзятараў.

 

Плыўна пераходзім да лідэраў у індывідуальных намінацыях. Расказваем пра найлепшых футбалістаў 2023 года.

Найлепшы бамбардзір – Сяргей Лынько (14 галоў)

Сяргей Лынько далучыўся да каманды пасля 1 круга, правёўшы першую палову сезона ў «Маладзечна» (Д2). Сяргей стаў адным з лідэраў каманды, забіўшы першы ў гісторыі клуба пента-трык у матчы 14 тура з “Серабранкай-VOLAT”, а таксама адзначыўся покерам у вароты віцебскага “Газавіка”. Таксама на рахунку бамбардзіра 8 галявых пасаў. Па статыстыцы кожныя 60 хвілін на полі Сяргей Лынько здзяйсняў дзейснае дзеянне.

2. Арцём Куратнік – 10 галоў
3. Вадзім Пракапенка – 10 галоў
4. Януш Ладуцька – 9 галоў
5. Ілля Зайцаў – 6 галоў
6. Ягор Антанавіч – 6 галоў

Найлепшы асістэнт – Арцём Куратнік (10 перадач)

Яшчэ адзін ключавы футбаліст каманды, другі сезон запар які знаходзіцца ў лідэрах па ўсіх паказчыках рэзультатыўнасці. Арцём стаў найлепшым у «Крумкачах» па асістэнцкіх балах і другім у гонцы бамбардзіраў.

2. Сяргей Лынько – 8 перадач
3. Вадзім Пракапенка – 6 перадач
4. Мікіта Аўсянік – 6 перадач
5. Максім Паўлавец – 6 перадач

Найлепшыя па колькасці згуляных матчаў – Уладзімір Бушма і Арцём Куратнік (абодва па 24 матчы)

Менавіта гэтыя гульцы з’яўляліся на полі часцей за іншых. Брамнік Уладзімір Бушма стаў сапраўды незаменным гульцом у сезоне-2023, адыграўшы ва ўсіх матчах сезона. Абодва гульцы выходзілі на поле з першых хвілін матчу і толькі ў асобных гульнях былі заменены ў фінальных частках матчаў, калі вынік ужо быў шмат у чым вызначаны.

Можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе яны апраўдвалі давер галоўнага трэнера і прыносілі нямала карысці. Гульцы сталі вызначальнымі ў выніковым выніку каманды.

3. Максім Паўлавец – 22 матчы
4. Ілля Зайцаў – 21 матч
5. Мікіта Аўсянік – 21 матч

Найлепшы па колькасці згулянага часу – Уладзімір Бушма (2147 хвілін)

Галкіпер «Крумкачоў» быў найлепшым у гэтай намінацыі. Тут не лішнім будзе адзначыць, што Уладзімір з’яўляецца самым узроставым гульцом каманды і знаходзіцца ў выдатнай форме, правёўшы 8 “сухіх” матчаў і адбіўшы 2 пенальці ў сезоне з гульні.

2. Арцём Куратнік – 2095 хвілін
3. Максім Паўлавец – 1934 хвіліны
4. Мікіта Аўсянік – 1837 хвілін
5. Януш Ладуцька – 1644 хвіліны

Самы малады гулец – Ілля Зайцаў (07.04.2005) і Іван Каржанеўскі (26.05.2005)

Іван Каржанеўскі з’яўляецца самым маладым гульцом клуба ў сезоне-2023. 17-гадовы абаронца далучыўся да каманды ў другой палове сезона, адыграўшы юнацкі чэмпіянат за каманду “Дынама-Мінск” (U-18). Гулец выйшаў на поле ў 1 матчы, дзейснымі дзеяннямі не вызначыўся.

Самы малады дэбют за каманду ў 2023 годзе быў паўабаронца Ілля Зайцаў. Малады паўабаронца дэбютаваў ва ўзросце 18 гадоў 15 дзён у першым жа матчы сезона са СДЮШАР БФСТ Дынама. Усяго ў сезоне Ілля правёў 21 матч і набраў 6+2 па сістэме “гол + пас”, стаўшы адным з лідараў каманды. Нягледзячы на такі малады ўзрост, Ілля праявіў стрыманасць у фінале, забіўшы адзіны пенальці каманды ў фінальнай серыі. З упэўненасцю можна сказаць, што гулец сябе ў наступным сезоне праявіць у дывізіёнах вышэй.

Самы каштоўны гулец – Януш Ладуцька

Яшчэ ў мінулым сезоне, Януш выходзіў з капітанскай павязкай і праяўляў свае лідарскія якасці. Можна сказаць, што ні для каго не стала неспадзеўкай, што менавіта Януша на агульнакамандным галасаванні перад стартам чэмпіянату абралі капітанам. Ён дадаваў ад матча да матча, упэўнена кіраваў камандай на поле, надзейна дзейнічаў у абароне і стабільна правёў увесь сезон. А яшчэ і выбіў добрую статыстыку для цэнтральнага абаронцы, забіўшы 9 галоў (з іх 6 – пенальці).

Барэц сезона – Сяргей Казека і Андрэй Казарын.

Менавіта трэнерскі штаб каманды “забраў” 2 з 3 чырвоных картак у сезоне. Уцягнутасць у кожны эпізод матчу нават з лаўкі шмат у чым і далечы камандзе дадатковы імпульс і ўпэўненасць у сабе.

Самы карысны гулец – Вадзім Пракапенка

Аўтар дубля ў фінале Другой лігі Вадзім Пракапенка ў сезоне вызначаўся важнымі карыснымі дзеяннямі, якія прыносілі ачкі камандзе. Напрыклад, трэці гол у вароты «Трактара», які дазволіў зраўняць лік у важным супрацьстаянні лідэраў, пераможны і адзіны ў сустрэчы гол у вароты «Ураджайнай». І «тлустая» кропка ў матчы з Юні – 4-ты гол, які зрабіў лік матчу 4:1 і не пакінуў шанцаў саперніку адыграцца, а «Крумкачам» дазволіў выйсці ў фінальную частку чэмпіянату.

 

Самае доўгачаканае вяртанне сезона і самы яркі дэбют – заўзятары «Крумкачоў»

Як і ў сезоне-2022, клуб даў сваім заўзятарам унікальную магчымасць – выйсці на поле ў афіцыйным матчы. Мінулагоднія героі Ілля Кураленка і Павел Шчука, а таксама «дэбютант» Мікіта Юхновіч правялі з камандай тыднёвы трэніровачны цыкл і згулялі ў афіцыйным матчы.

Прэс-служба НФК “Крумкачы”