У сезоне-2023 «Крумкачы» вылецелі ў першым жа раўндзе Кубка Беларусі, практычна страцілі шанцы на выхад у плэй-оф у першым крузе чэмпіянату, узмацніліся да другога круга і, як і годам раней, выйшлі ў фінал Другой лігі, дзе ў серыі пенальці. саступілі салігорскаму «Партызану». Дырэктар НФК “Крумкачы” Алег Давідовіч пагаварыў з прэс-службай клуба аб выніках мінулага сезона і падзяліўся планамі.
– Пракаментуйце вынікі цяперашняга сезону. Ці выканана задача на сезон трэнерскім штабам, камандай?
– Сезон атрымаўся неадназначным. У першую чаргу таму, што да апошняга дня шукалі варыянты для заяўкі ў Першую лігу на сезон-2023. Многія гульцы і трэнерскі штаб чакалі рашэння ад клуба, некаторыя ўжо атрымалі прапановы ад іншых клубаў. У выніку – страцілі некалькі ключавых гульцоў і часу сабраць каманду было не так многа. Таму першае кола чэмпіянату і Кубак Беларусі нельга назваць удалымі для каманды.
У перапынку чэмпіянату трэнерскі штаб – Сяргей Казека і Андрэй Казарын – правялі добрую працу, узмацнілі склад і ўжо з другога круга каманда змагла прайсці 15 матчаў без паражэнняў, заслужана дайсці да фіналу. Задача на сезон у «Крумкачоў» заўсёды адна – чэмпіёнства. З гэтым, нажаль, не зладзіліся. Але працай і трэнерскага штаба, і футбалістаў задаволены ў поўным аб’ёме.
– Адразу зададзім, бадай, самае важнае пытанне. Ці плануе клуб ісці ў Першую лігу ў наступным сезоне?
– Правільна кажуць: хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. Цяпер мы вярнуліся ў той пункт, на якім былі роўна год таму. Згодна з рэгламентам, па спартыўным прынцыпе, мы заваявалі права на падачу заяўкі на атрыманне ліцэнзіі “Першая ліга”. Да 15 студзеня трэба накіраваць заяўку ў Дом футбола. Таксама, літаральна праз тыдзень, стане вядомы новы фармат чэмпіянату сярод каманд другой лігі. Трэба пралічыць бюджэт і зразумець, на што мы зможам прэтэндаваць.
Ужо зараз мы працуем з партнёрамі, наяўнымі і патэнцыйнымі. Маем зносіны з трэнерскім штабам і камандай. Таксама будзем прымаць да ўвагі той факт, што мэтамі ўдзелу ў любым спартыўным спаборніцтве павінны быць у першую чаргу перамога і развіццё. Не хацелася б у будучым сезоне лічыць замест пераможных серыі паражэнняў.
– Можаце падзяліцца лічбамі? У мінулым годзе вы казалі пра 170 тыс. бел. рублёў у сезоне ў Другой лізе. Што было ў гэтым і наколькі неабходна павялічыць бюджэт для ўдзелу ў Першай лізе?
– У гэтым сезоне бюджэт клуба быў каля 70 тыс. бел. рублёў. Мабыць, гэта і ёсць той мінімум, з якім можна ісці і ў наступны сезон Другой лігі. Але, зноў-такі, трэба пачакаць структуру і рэгламент Другой лігі на сезон-2024, бо могуць быць карэкціроўкі па выязных матчах, напрыклад.
Калі казаць аб Першай лізе, мінімальная сума, якая патрэбна – каля 350 тыс. бел. рублёў. Павялічыцца колькасць трэніровак. Дададуцца выдаткі выязных матчаў і, магчыма, заезды з начлегамі. Па рэгламенце 75% гульцоў павінны мець прафесійныя кантракты – гэта выдаткі на зарплату і падаткі. Неабходна забяспечыць удзел у чэмпіянаце краіны 2-х груп ліцэнзійнага ўзросту. Шмат пытанняў, і мы ўжо працуем над іх вырашэннем.
– А калі казаць аб камандзе і трэнерскім штабе. Як думаеце, наколькі атрымаецца захаваць склад, калі клуб усё ж знойдзе магчымасць заявіцца ў Першую лігу?
– Сяргей Козека правёў добра гэты сезон. Лічу, што ўвесь трэнерскі штаб заслужыў права паспрабаваць сябе на новым, больш якасным узроўні. Зрэшты, як і ўся каманда.
Як і ў мінулым годзе, захаваць каманду ў поўным аб’ёме не ўдасца ні ў Першай, ні ў Другой лігах. Ёсць інфармацыя, што некалькі гульцоў едуць на прагляды ў клубы Вышэйшай лігі. Многія будуць спрабаваць свае сілы ў клубах Першай лігі – у многіх ужо зусім хутка пачнецца падрыхтоўка да новага сезона. У той час як мы яшчэ нічога не можам паабяцаць футбалістам.
Зусім нядаўна адбыўся матч 1/16 Кубка Беларусі па міні-футболе, дзе гулялі нашыя гульцы. Улад Хамутоўскі выступае за МФК “Мінск”, а Вадзім Пракапенка – за “Макслайн”. Думаю, многія ігракі будуць падтрымліваць форму і ў аматарскіх турнірах.
Таксама ў складзе ёсць футбалісты, якія не змогуць пайсці з намі ў Першую лігу – нехта працуе і не пацягне штодзённыя трэніроўкі, нехта атрымлівае трэнерскія ліцэнзіі.
– Які вектар свайго існавання клуб плануе абраць на наступны сезон – стаўка на маладых, іх развіццё альбо стаўка на ўжо вопытных футбалістаў, якім, напрыклад, патрэбна перазагрузка?
– Тут хутчэй пытанне да трэнерскага штаба. Я лічу аптымальным балансам – сплаў маладых талентаў і досведу. У другім крузе да нас далучыліся і маладыя Вадзім Пракапенка і Глеб Крыўцоў, і вопытныя Сяргей Лынько і Дзіма Вашкель. Сярэдні ўзрост нашага стартавага складу ў сезоне-2023 прыкладна 25 гадоў.
– Клубу ў 2024 годзе спаўняецца 10 гадоў. Як бы вы тэзісна сфармулявалі філасофію клуба на наступныя 10 год?
– Нягледзячы ні на што, захаваць клуб для нашых заўзятараў. Працягваць кожны сезон рабіць свята і дарыць эмоцыі нашым заўзятарам, нашым гульцам. А таксама не забываць нашу гісторыю і беражліва несці яе праз гады. Нездарма ж кажуць, адзін раз Крумкач – назаўжды Крумкач.
Не стамляюся паўтараць, што нашы балельшчыкі – самыя лепшыя ў краіне. Увесь сезон яны нас падтрымлівалі, ездзілі з камандай па ўсёй краіне, гналі наперад кожны матч, нягледзячы на надвор’е, дзень і час матчаў. Набывалі мерч, білеты, абанементы, тым самым падтрымліваючы клуб і фінансава. Дзякуй усім і кожнаму, хто быў на трыбунах, глядзеў матчы ў трансляцыях.
– Вы казалі пра рэформы ў Першай і Другой лігах. Які фармат асабіста вы лічыце аптымальным?
– Я лічу, вяртанне да класічнай Другой лізе і чэмпіянатам абласцей будзе лагічным рашэннем. Раздзімаць колькасна чэмпіянат, а потым лічыць колькасць тэхнічных параз або скардзіцца на якасць палёў не зусім разумна. Ды і дывізіёны атрымліваюцца па ўзроўні зусім розныя. Дывізіён г. Мінска традыцыйна адзін з наймацнейшых. І чытаць статыстыку гульцоў, якія забіваюць па 10 мячоў у адным матчы, зусім не цікава.
– Наколькі складана шукаць спонсараў для клуба, улічваючы бягучую эканамічную сітуацыю ў краіне?
– Шукаць партнёраў для клуба было складана заўсёды. І зараз, і 5 гадоў таму, і ў 2014 годзе. Асабліва ўлічваючы, што мы – прыватны клуб. Як і казаў вышэй, мы зробім усё магчымае, каб клуб змог скарыстацца заваяваным па спартовым прынцыпе правам на Першую лігу.
Прэс-служба НФК “Крумкачы”