Крумкачы ў фінальным этапе Другой лігі!

23 верасня на стадыёне РЦАР БДУ адбыўся матч “Крумкачы” – Юні-Мінск. У матчы 18 тура “Крумкачы” выйгралі 4:2 і з другога месца ў табліцы выйшлі ў фінальны этап чэмпіянату.

Фінальны этап складаецца з наступных стадый: групавы этап (4 групы па 4 каманды), 1/4, вызначэнне выніковых месцаў каманд з 5 па 8, 1/2, матч за 3-е месца і фінал розыгрышу чэмпіянату.

Матчы ў групах праводзяцца ў адзін круг па прынцыпе “кожны” з “кожным”.

Чарговасць сустрэч каманд паміж сабой і правядзенне гульняў на сваім полі або на полі саперніка вызначаюцца на падставе вынікаў лёсавання, якое праводзіцца ДПС. Лёсаванне прызначанае на 25 верасня ў 11:00, прамая трансляцыя лёсавання – на Youtube-канале АБФФ.

Пры гэтым на групавой стадыі розыгрышу фінальнага этапа матчы праводзяцца па сістэме з выбываннем, каманды, якія занялі 3 і 4 месцы ў кожнай з груп, выбываюць з розыгрышу, выніковыя месцы на фінальным этапе ім не прысвойваюцца. Пераможцы груп і каманды, якія занялі другія месцы, працягваюць удзел у стадыі 1/4 фіналу.

Групы фінальнага групавога этапа:

1-я: Цэнтр футбола; Нёман-Белкард; Вікторыя / Колас / Бабоўня; Новая Прыпяць.

2-я: Змена Ваўкавыск; Трактар; Вікторыя / Колас / Бабоўня; Стэнлес.

3-я: Сервалюкс Агра / Горкі; Партызан Салігорск / Вікторыя; Мёры; Гомельскі доследны лясгас.

4-я: Магілёўская вобласць, 1-е месца; Гомельская вобласць, 2-е месца; Віцебская вобласць, 1-е месца; Мінск, 2-е месца.

З кім “Крумкачы” могуць згуляць на групавым этапе?

Магілёўская вобласць: «Сервалюкс Агра» / «Горкі» (1-ае месца).

Заўтра, 24 верасня, у 16:00 вызначыцца чэмпіён Магілёўскага дывізіёна і сапернік “Крумкачоў” на групавым этапе. Абедзве каманды гулялі ў Магілёўскім дывізіёне – Усход, «Сервалюкс Агра» (18 перамог у 18 гульнях, розніца мячоў 77-11) з 1 месца, «Горкі» (16 перамог, 2 паразы, розніца мячоў 103-6, абодва паразы ад « Сервалюкс Агра» (1:2, 0:2)) з 2 месца прайшлі ў фінальную стадыю Магілёўскага дывізіёна.

“Сервалюкс Агра” без праблем у стыкавых матчах прайшлі бабруйскую Тарпеду (5:3, 5:0), з якой “Крумкачы” гулялі ў перадсезонцы таварыскую гульню (паражэнне 2:1). “Горкі” прайшлі “Днепр-Юні” (2:0, 2:2).

Лідэрам каманды «Сервалюкс Агра» з’яўляецца Ігнаценка Зміцер (1988 г.н.), які забіў ужо 20 мячоў у сезоне. Зміцер гуляў у сезоне-2022 у «Нафтане» ў Першай лізе, а ў сезоне-2021 правёў 13 матчаў за «Смаргонь». Гуляе каманда ў г. Магілёў на стадыёне “Днепр-Магілёў” (500 гледачоў).

Лідэрам «Горак» з’яўляецца паўабаронца Купцоў Павел (1998 г.н.), які забіў 19 мячоў у сезоне-2023. Капітан каманды 30-гадовы Хадзянкоў Максім доўгі час гуляў у Першай лізе, у сезонах 2022 і 2021 гг. прабел больш за 50 матчаў за пінскую «Хвалю», у сезоне-2019 правёў 24 матчы ў складзе «Ліды».

Гомельская вобласць: МНПЗ (2-ае месца), г. Мазыр.

У Гомельскім дывізіёне ўдзельнічалі 8 каманд, чэмпіянат гуляў у 3 кругі. Па выніках групавога рэгіянальнага этапа МНПЗ занялі 2-е месца (18 перамог, 1 нічыя, 2 паражэнні, розніца мячоў 95-20), адстаючы ад лідэра Гомельскага доследнага лясгаса на 2 ачкі. Лідэрам мазырчан з’яўляецца паўабаронца Масічаў Аляксей з 20 галамі.

Віцебская вобласць: «Газавік» (1-ае месца), г. Віцебск.

«Газавік» у Віцебскім дывізіёне на 2 ачкі апярэдзіў «Міёры» (15 перамог, 2 нічые, 1 паражэнне, розніца мячоў 63-10). Лідэрам «Газавіка» з’яўляецца Ганчарэнка Арцём з 17 галамі ў сезоне-2023. Паўабаронца Шубко Арцём гуляў у Першай лізе за «Слонім 2017» у сезонах 2020-2022 гг., у сезоне-2019 Арцём выступаў за «Нафтан» у той жа Першай лізе. У гэтым сезоне правёў 18 матчаў, забіў 4 галы.