Дзмітрый Вашкель – гулец «Крумкачоў»

Склад нашай каманды папоўніў цэнтральны абаронца.

Абаронца Дзмітрый Вашкель будзе выступаць за «Крумкачы» ў сезоне-2023.

Дзмітрый нарадзіўся 3 студзеня 1993 года ў Шаркаўшчыне.

Выступаў за дубль наваполацкага “Нафтана”. У асноўным складзе дэбютаваў 20 ліпеня 2013 года ў матчы супраць гродзенскага “Нёмана”, калі выйшаў на замену на 74-й хвіліне. У лютым 2014 года адправіўся на прагляд у пінскую “Валну” і неўзабаве падпісаў кантракт з клубам. У складзе “Валны” адразу стаў гульцом асновы. Па выніках сезона 2014 г. пінскі клуб вылецеў у Другую лігу, але Дзмітрый застаўся ў камандзе. У жніўні 2015 года кантракт з «Валной» быў датэрмінова скасаваны, і неўзабаве Дзмітрый стаў гульцом светлагорскага «Хіміка».

У пачатку 2017 года перайшоў у гомельскі “Лакаматыў”, дзе замацаваўся ў аснове. У пачатку 2021 года пасля сыходу з гомельскага клуба ён быў на праглядзе ў “Віцебску”, але атрымаў траўму і прапусціў старт сезона 2021 года.

У сакавіку 2022 года перайшоў у “Астравец”. Дэбютаваў за клуб 9 красавіка 2022 года ў матчы супраць «Маладзечна-2018». Дэбютным голам вызначыўся 16 ліпеня 2022 года ў матчы супраць рагачоўскага «Макслайна». У сакавіку 2023 года футбаліст перайшоў у “Макслайн”. За клуб правёў 16 матчаў, аднойчы вызначыўся.

Жадаем поспехаў у сезоне!

Прэс-служба НФК “Крумкачы”