У суботу, 6 траўня, на стадыёне КФП ФК “Мінск” адбыўся матч Кубка Беларусі. “Крумкачы” ўступілі “Ураджайнай” – 1:1 (5:6).
– Януш, сёння саступаем «Ураджайнай» па пенальці. Чаму прайгралі?
– Вельмі крыўдна прайграваць на такой ранняй стадыі Кубка. Самая галоўная наша праблема – рэалізацыя момантаў. Мы ствараем вельмі шмат, але вельмі мала забіваем. Я лічу, момантаў было дастаткова, каб закрыць гэтую гульню. Забіваць адзін гол – гэта вельмі мала. Прапусцілі, характар гульні памяняўся, пачалі нервавацца, аддалі ініцыятыву, і з прычыны давялі справу да пенальці. А пенальці – гэта латарэя.
– Чаму не ўдаецца на старце наладзіць атаку і «раззабівацца»?
– Напэўна, гэтаму кампаненту трэба надаваць больш увагі на трэніроўках нашым нападаючым, каб потым рэалізоўваць моманты і забіваць больш галоў. Таксама трэба больш спакою і халаднакровасці ў момантах. Трэба забіваць болей, каб адзін мяч не рабіў вынік гульні. Я думаю, што над гэтымі момантамі трэба папрацаваць і тады ўсё наладзіцца.
– У першым тайме мы валодалі ініцыятывай, а ў другім ужо дзесьці «падселі» і аддалі мяч суперніку. Тое ж назіралася і ў дадатковы час. З чым гэта злучана?
– Магчыма, гульцы адчулі стомленасць. Асабліва пасля прапушчанага гала. Каманда, якая забіла гол, на куражы звычайна бяжыць наперад, мы пачалі нервавацца і недзе аддалі ініцыятыву.
– У мінулым сезоне мы дайшлі да матчаў з Вышэйшай лігай, у чэмпіянаце гулялі плэй-оф і дайшлі да фіналу. І ў кубкавых матчах гульня адрознівалася ад чэмпіянату, можна было сказаць, што мы «кубковая» каманда. Чаму так выйшла, што ў гэтым сезоне, мы не «кубковая» каманда, прынамсі, у пачатку сезона?
– Самі вінаватыя. Мы ўсе былі зараджаныя на гульню, па якасці – гулялі лепш, чым у 1 туры са СДЮШАР «Дынама». Паўтаруся, самая вялікая праблема – рэалізацыя момантаў. Нам патрэбен гэты запас, каб 1 мяч не вырашаў зыход сустрэчы, не даводзіў справу да пенальці. Мне здаецца, гэты аспект для нас зараз найважнейшы. Настрой у камандзе, настрой на гульні ў нас добры. Мы змагаемся, ваюем за мяч. Засталося пачаць паказваць рэзультат на табло.