У суботу, 11 сакавіка, на стадыёне “Лакаматыў” у Асіповічах адбыўся чарговы перадсезонны таварыскі матч. «Крумкачы» саступілі «Асіповічам» – 1:4.
— Сяргей Васільевіч, пракаментуйце, калі ласка, вынік сустрэчы.
— Скажам так, вынік усе бачылі. Галаўны боль не зменшыўся. Праблемы ў нас, вядома, зноў у абароне. Дапускаем дзіцячыя памылкі, не можам пачаць атаку. Калі летась у нас праблема была – перайсці на чужую палову поля, то зараз, на чужой палове ўжо нейкія ёсць сувязі, але ў абароне – сур’ёзныя правалы. Трэба працаваць, і прычым вельмі сур’ёзна працаваць.
— Другую гульню запар прапускаем чатыры мячы. З чым звязана такая слабая гульня ў абароне?
— Давайце мы гэтае пытанне, мусіць, накіруем нашым абаронцам. Чаму такая слабая? Мы зараз працуем больш на фізічныя якасці, з абаронцамі яшчэ не працавалі. Але гэта ўсё папраўна. Таму тут я моцна не хвалююся. Галоўнае, што мы хаця б ужо ў атацы нешта ствараем, кантралюем мяч на чужой палове поля. Цяпер, у асноўным, мяне непакоіць тое, што нашыя абаронцы не могуць пачаць атаку. Менавіта над гэтым, зноў жа, папрацуем на найбліжэйшых трэніроўках. Плюс яшчэ дададуцца гульцы, нешта будзем вар’іраваць, шукаць нейкія станоўчыя моманты. Думаю, з кожным матчам будзем выпраўляць гэтую сытуацыю.
Прэс-служба НФК “Крумкачы”