“На дадзены момант, гульня ў абароне – наша самая вялікая праблема”. Галоўны трэнер Сяргей Казека і гульцы клуба каментуюць вынік сустрэчы

У суботу, 4 сакавіка, на стадыёне “Шахцёр” у Салігорску адбыўся другі перадсезонны таварыскі матч. «Крумкачы» з мінімальным лікам саступілі мясцоваму «Партызану» – 3:4.

— Сяргей Васільевіч, пракаментуйце вынік сустрэчы.

 Мусіць, для заўзятараў гэта быў цікавы матч. Было багата галоў і эмоцый. З пункту гледжання галоўнага трэнера былі і плюсы, і мінусы. Вельмі спадабалася, што наша група нападзення жадала бегчы наперад, гэта значыць, уся гульня была завязана на гульню наперад. Ёсць пытанні і недахопы ў абароне. Будзем над гэтым працаваць. На дадзены момант, гульня ў абароне – наша самая вялікая праблема.

— Сёння было шмат новых гульцоў, асабліва ў другім тайме. Як ацэніце патэнцыйных навічкоў.

 Скажам так, большая частка новенькіх былі «прама з колаў». Яны з намі ніколі не трэніраваліся. Але ў прынцыпе, хлопцамі, якія сёння выйшлі ўпершыню на поле, я задаволены на 90%.

— Ці вядомыя ўжо планы на наступныя тыдні?

 Трэніроўкі будуць праходзіць у штатным рэжыме. У бліжэйшую суботу плануем спарынг, але пакуль сапернік не вядомы. У пачатку тыдня звяжамся з некалькімі камандамі. А праз два тыдні, 18 сакавіка, запланавана гульня ў Жодзіна з “Жодзіна-Южнае”.

Цэнтральны абаронца Яўген Гардзейчык каментуе вынік сустрэчы.

— Яўген, ты адыграў увесь матч на пазіцыі цэнтральнага абаронцы. У першым тайме тваім напарнікам быў Аляксей Драчоў, у другім – Захар Фралоў. З кім з партнёраў было гуляць зручней.

 Мусіць, цяжка было з абодвума, бо раней мы не гулялі разам. У прынцыпе, на гульнях і на трэніроўках, будзем напрацоўваць сувязі. Думаю, у далейшым будзе лепей.

— Што здарылася ў другім тайме? Чаму эмоцыя ў гульні рэзка ўзмацнілася?

 Футбол – гульня эмацыйная. Хлопцы закіпелі ў той камандзе, нашы таксама. Засумавалі ўсе па футболе, вочы ва ўсіх гарэлі. Уся каманда заступілася за гульца, гэта нармальна падтрымліваць адзін аднаго.

— Ці паўплывалі цяжкія ўмовы надвор’я на вынік гульні?

 Не. Там хутчэй серыя памылак, як камандных, так і індывідуальных. Надвор’е было больш-менш добрае.

Крайні абаронца Максім Паўлавец каментуе вынік сустрэчы.

— Максім, ты ў камандзе ўжо другі сезон. Параўнай перадсезонкі.

 У мінулым сезоне я далучыўся да каманды прыкладна ў гэты ж час. Але на той момант у камандзе ўжо былі хлопцы больш вопытныя і было лягчэй. Цяпер прыходзяць новыя гульцы. Можна сказаць, у асноўным, зараз наладжваем узаемадзеянне. І ўсё ў нас будзе добра.

— Сёння ты гуляў на нетыповай для сябе пазіцыі ў апорнай зоне. Падзяліся ўражаннямі.

 Было цяжкавата, вядома ж, таму што менш часу на прыняцце рашэнняў. Трэба хутчэй раставацца з мячом, чым на флангу. На флангу – больш упадабаная пазіцыя, вядома, але нармальна ўсё.

— Ці паўплывалі цяжкія ўмовы надвор’я на вынік гульні?

 Так. Хацелася б, вядома, каб у сакавіку было цяплей і прыемней гуляць. Каб было добрае надвор’е. Але я думаю, мы яго  дачакаемся да пачатку чэмпіяната.

Прэс-служба НФК “Крумкачы”