У суботу «Крумкачы» правядуць першы матч

Ужо ў гэтую суботу, 25 лютага, “Крумкачы” правядуць першы таварыскі матч у рамках перадсезоннай падрыхтоўкі. Гульня адбудзецца на трэніровачным полі па адрасе вул. Сярова, 18 у 14:30.

Каманда пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Сяргея Казекі і трэнера брамнікаў Валерыя Макарэвіча пачала трэніроўкі 15 лютага. У размяшчэнні клуба знаходзяцца гульцы мінулага сезона: Максім Паўлавец, Януш Ладуцька, Яўген Гардзейчык, Аляксандр Бакіноўскі, Данііл Волкаў, Уладзіслаў Хамутоўскі, Ілля Сугакоў, Уладзіслаў Корзун, Алег Крот, Павел Лісюк. Па словах галоўнага трэнера, яшчэ некалькі гульцоў сезона-2023 далучыцца да каманды пазней.

На этапе падрыхтоўкі да «Крумкачоў» далучыўся Аляксей Драчоў. Цэнтральны абаронца гуляў у «Крумкачах» з 2016 года, дзе выступаў за дубль і быў капітанам дубля. Правёў за асноўную каманду 12 матчаў у сезонах 2017 і 2018 гадоў. У сезоне-2021 выступаў за “Смалявічы”.

Таксама на праглядзе знаходзяцца некалькі навічкоў.

У рамках перадсезоннай падрыхтоўкі таксама плануюцца матчы з салігорскім “Партызанам” (арыентыровачная дата – 4 сакавіка) і з “Жодзіна-Южнае” (арыентыровачная дата – 18 сакавіка).

Чытаць на рускай

Прэс-служба НФК “Крумкачы”