Валерый Макарэвіч – трэнер брамнікаў «Крумкачоў»

Валерый Макарэвіч стане трэнерам брамнікаў «Крумкачоў» у сезоне 2023 года.

Нарадзіўся 3 снежня 1983 года ў г. Лідзе. Скончыў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву (1999-2003 г.) па спецыяльнасці “фізічная культура і спорт”, трэнер па футболе, і БДУ (2006-2012 г.) па спецыяльнасці “гісторыка-архівазнаўства”, выкладчык.

Чэмпіён Беларусі сярод юнакоў, пераможца чэмпіянату Беларусі ў першай лізе ў складзе каманды “Савіт” (2007 г.). Таксама гуляў за “Ліду” (2008-2009 гг.), “Смаргонь” (2010-2011 гг., 2015 г., 2017 г.).

Адказваў за развіццё пляжнага футбола ў барысаўскім БАТЭ. Майстар спорту ў пляжным футболе, гулец нацыянальнай зборнай. Шматразовы чэмпіён Беларусі. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Украіны ў складзе каманды VIT (Кіеў).

Атрымаў трэнерскую ліцэнзію УЕФА катэгорыі “В”, якая дазваляе працаваць як з класічнымі клубамі, так і з “пляжнікамі”.

Да 2020 года з’яўляўся брамнікам зборнай Беларусі па пляжным футболе, быў прызнаны лепшым гульцом 2019 года.

У 2020 годзе Валерый Макарэвіч у складзе маскоўскага “Спартака” стаў сярэбраным прызёрам клубнага чэмпіянату свету па пляжным футболе. У 2021 годзе выступаў у «Крылах Саветаў» у якасці гуляючага трэнера.

У перадсезонцы 2017 года дапамагаў рыхтаваць варатароў «Крумкачоў», удзельнічаў у двух зборах каманды.

У мінулым сезоне правёў за “Крумкачы” 8 матчаў, з якіх 3 – “сухія”.

Вітаем Валерыя Міхайлавіча ў клубе і жадаем поспехаў!

Прэс-служба НФК “Крумкачы”