«Будзем збіраць маладую каманду, якая будзе жадаць развівацца». Галоўны трэнер НФК «Крумкачы» Сяргей Казека расказвае як трапіць у каманду і дзеліцца планамі на сезон

Сёння стала вядома, што Сяргей Казека ўзначаліць НФК «Крумкачы» ў сезоне 2023 года. Галоўны трэнер пагаварыў з прэс-службай клуба аб гэтым рашэнні і падзяліўся планамі на будучы сезон.

— Ці  доўга разважалі над прапановай узначаліць каманду ў гэтым сезоне?

— У прынцыпе, не. Сустрэліся з дырэктарам, абмеркавалі некаторыя моманты, пасля чаго адказаў.

— Вам было важна – першая ці другая ліга?

— Вядома ж хацелася выступіць у дывізіёне вышэй, але я першапачаткова разумеў, што гэта будзе вельмі складана ў фінансавым плане для клуба. Кіраўніцтва вырашыла ў другой, значыць будзем у другой.

— Ці вядома, хто з гульцоў мінулага сезона цяпер на праглядах у вышэйшых дывізіёнах?

— Так, ёсць хлопцы, якія спрабуюць сябе ў іншых камандах. Пакуль прозвішчы не буду абвяшчаць. Падпішуць кантракты, самі ўсё даведаецеся.

 З кімсьці з хлопцаў ужо звязваліся для ўдзелу ў сезоне-2023?

— Пакуль яшчэ не звязваўся, але думаю многія працягнуць гуляць за клуб. Футбол – гэта не толькі спартыўны складальнік, але і эмоцыі, заўзятары. А атмасфера на матчах «Крумкачоў» і нашы заўзятары – тое, ад чаго складана адмовіцца.

— Што трэба, каб патрапіць у каманду «Крумкачы» ў гэтым сезоне?

— Зараз пачнецца камплектаванне каманды, будзем праглядаць усіх жадаючых. У планах – выйсці з адпачынку ў сярэдзіне лютага. Канешне ж будзем збіраць маладую каманду, якая будзе хацець развівацца. Але ў каго вучыцца, калі побач не будзе дасведчанага футбаліста?

— Чаго чакаеце ад сезону ў цэлым?

— Пажывем пабачым.

Прэс-служба НФК «Крумкачы»