«Зараз ужо мы самі шмат у чым падаем прыклад іншым клубам» – маркетолаг «Крумкачоў» Іна Лось дзеліцца ўражаннямі ад мінулага сезону

Як Другая ліга адбілася на наведвальнасці і продажах клуба, на якія медыйныя праекты не хапіла бюджэта і ў чым сакрэт поспеху. Маркетолаг клуба Іна Лось працуе ў «Крумкачах» другі сезон, але здаецца, за гэтыя два гады даведалася пра ўсе сакрэты маркетынгу ў беларускім футболе.

«Рэклама з GG.by – самыя маштабныя і прафесійныя здымкі ў гісторыі клуба»

—  Іна, у сезоне-2021 клуб выйшаў на новы ўзровень у медыйным плане. Паспяховыя YouTube-праекты, інавацыйная платформа Sportexclub, рост падпісчыкаў у сацсетках і заўзятараў на стадыёне. А як ты ацэніш сезон-2022?

— Cезон мы пачыналі амбіцыйна. Задачай было ні ў якім разе не саступаць самім жа сабе леташняга ўзору. Але як гэта звычайна адбываецца, энтузіязм – рэч не доўгатэрміновая, калі хочаш рабіць нешта вартае і развівацца ў перспектыве – будзь ласкавы закласці бюджэт. Так, мы захавалі аўдыторыю ў сацсетках і, як паказалі гульні плэй-оф, захавалі зацікаўленнасць заўзятараў да наведвання непасрэдна саміх матчаў на стадыёне.

Калі казаць пра лічбы, «Крумкачы» стабільна ўваходзяць у першую дзясятку ўсіх спартыўных клубаў краіны па агульнай колькасці падпісчыкаў у сацсетках. Калі казаць толькі пра футбол, ёсць 4 «гранды» – мінскае і брэсцкае «Дынама», БАТЭ і салігорскі «Шахцёр» – да іх як да космасу, але будзем паціху даганяць. Далей усё вельмі шчыльна – мы, «Гомель», «Нёман» з Гродна.

У рэгулярным чэмпіянаце наведвальнасць клуба знізілася, але была стабільная лічба як на дамашніх матчах, так і на гасцявых. Самыя наведвальныя гульні адбыліся ў рамках Кубка Беларусі – са «Слонімам» і «Іслаччу». Мы былі прыемна здзіўлены і ўдзячны ўсім, хто падтрымаў наш дабрачынны матч у рамках 1/16 фіналу Кубка. Самы наведвальны выязны матч, здаецца, быў з гомельскім «Бумпрамам» у 1/8 Другой лігі. Па падліках, сектар клуба налічваў нашмат больш за сотню заўзятараў. Наведвальнасць фіналу з «Нівай» склала 1833 гледачоў, было прыемна бачыць вялікую колькасць проста нейтральных заўзятараў, а таксама – заўзятараў каманды саперніка.

— Распавядзі, калі ласка, пра найлепшыя кейсы клуба ў гэтым сезоне?

— Другая ліга – новы фармат спаборніцтваў для клуба, у якім былі свае плюсы і мінусы. Даведаўшыся, што ў горадзе Мінску будзе свой уласны дывізіён, мы вырашылі выбраць канцэпцыю сезона «Мінск – родны горад «Крумкачоў». Бо «Крумкачы» – каманда, якая з першага дня свайго існавання гуляла ў Мінску, а апошнія сезоны была ўвогуле адзіным прадстаўніком сталіцы ў Першай лізе.

Быў распрацаваны дызайн абанементаў, дасягнута дамоўленасць з «Галерэяй мастацтваў» і мастачкай Надзеяй Леановіч аб размяшчэнні карцін з выявамі горада на квітковай праграме сезона. На матчы плэй-оф мы падрыхтавалі шэраг яркіх афішаў у стылі НФЛ.

Таксама лічу ўдалым кейсам – прэзентацыю новага дызайну формы, у тым ліку і пашыў унікальнай формы колеру фуксіі – «партнёрскай» расфарбоўкі з букмекерскай канторай GG.by для кубкавых матчаў. Пасля 1/16 Кубка ўсе гульнявыя майкі былі выкуплены нашымі заўзятарамі. Памятаю, мы доўга абмяркоўвалі канцэпцыю формы і наш тэхнічны партнёр не паспеў у час падрыхтаваць яе. Мы ўжо арэндавалі студыю, прыйшоў фатограф, а нам тэлефануюць і кажуць – крылы на плячах крыва адшываюцца, адмяняйце фатассесію. Прыйшлося на тыдзень перанасіць. Добра, што лёсаванне так склалася і мы прапускалі першы тур чэмпіянату – прыйшлося б гуляць у манішках.

У Другой лізе да нас вярнулася магчымасць трансляваць матчы на нашым клубным YouTube-канале, а таксама вярнуць англамоўныя стрымы матчаў, якія набіраюць стабільна каля 300 праглядаў. Бліжэй да другой паловы сезона мы сталі часцей пераходзіць да беларускамоўнага каментавання матчаў, што атрымала добрыя водгукі сярод аўдыторыі. На жаль, пачынаючы з плэй-оф, трансляцыі матчаў вяліся на канале АБФФ, а на ліст клуба з запытам прадаставіць асобную аўдыёдарожку хаця б для нашых англамоўных стрымаў была атрымана адмова.

У першай палове сезона на базе клуба здымаўся праект «Крумкачы» з Сяргеем Мардасевічам». Лічу, ён мог стаць самым паспяховым праектам сезона ў перспектыве, бо была сабрана каманда прафесіяналаў – і Сяргей як журналіст і вядучы, і Максім – як аператар і мантажор. На жаль, праект прыйшлося прыпыніць, бо спонсараў пад яго знайсці так і не атрымалася, а сапраўды якасны прадукт патрабуе занадта вялікага часу і намаганняў. Калі казаць пра лічбы, аўтарскі праект на клубным канале з выхадам ролікаў 2-3 разы на месяц для спонсара каштаваў бы каля 1000 беларускіх рублёў у месяц.

Адзначу і рэкламны відэаролік  з нашым партнёрам – букмекерскай канторай GG.by. Гэта былі самыя маштабныя і прафесійныя здымкі ў гісторыі клуба. І рэклама атрымалася сапраўды яскравай і якаснай.

— Спынімся падрабязней на рэкламе GG.by і супрацоўніцтве з імі.

— Нашы партнёры звярнуліся да нас з просьбай паўдзельнічаць у здымках рэкламы. Мы, канешне ж, пагадзіліся. Рэкламу для GG.by здымалі некалькі дзён, абмеркаванне канцэпцыі, падрыхтоўка вобразаў – ішлі больш за месяц. Здымкамі займалася каманда MediaCrew Production.
Асноўны здымачны дзень праходзіў уначы на стадыёне РЦАР-БДУ. Памятаю, заўзятары здымаліся некалькі гадзін, а апоўначы ўжо здымаліся футбалісты. Асноўным героем у кадры быў наш капітан Саша Яцкевіч. Саша – адзін з самых хуткіх гульцоў каманды, што аказалася сюрпрызам для аператара, які кіраваў дронам. У выніку футбаліст проста збіў дрона на сваім шляху і атрымаў рассячэнне на ілбе. Прыйшлося тэрмінова ляпіць на Сашу пластыры, грыміраваць і працягваць здымкі. Гульцоў адпусцілі па дамах толькі пад раніцу. Добра, што быў перапынак у чэмпіянаце, і на трэніроўку было не трэба. Другі здымачны дзень праходзіў ужо з жаночай камандай Krumkacheeks. Дзяўчынкі на спякоце каля 6 гадзін бегалі ў каробцы і паказвалі ўсе свае футбольныя навыкі. Усяго з боку клуба было задзейнічана ў здымках больш за 50 чалавек.

На жаль, супрацоўніцтва з GG.by працягнулася да восені, у іх з’явіліся праблемы з фінансаваннем, і мы не змаглі на поўную запусціць рэкламу па ўсіх клубных каналах. Але ў мінскім метро рэклама з нашымі гульцамі дагэтуль праскоквае рэгулярна.

— У гэтым сезоне клуб прапанаваў абанемент «Траецкае прадмесце». Ці шмат было жадаючых набыць яго?

— «Траецкае прадмесце» – унікальны тып абанемента. Галоўная яго опцыя – выхад уладальніка на поле ў складзе каманды ў афіцыйным матчы. Нягледзячы на тое, што такіх абанементаў было набыта нашмат больш, шанцам выйсці на поле скарысталіся два заўзятара – Павел Шчука і Ілля Кураленка. Усё было сур’ёзна – афіцыйная фотасесія ў гульнявой форме, профіль на сайце клуба, заяўка ў COMET, трэніровачны перадматчавы тыдзень. Здаецца, усе атрымалі задавальненне ад працэсу, бо заўзятары падтрымлівалі «сваіх» нашмат актыўней, гульцы каманды дапамагалі хлопцам правільна абвясціць сваю замену рэзервоваму суддзе. Вельмі крутая акцыя, і я ўдзячная кіраўніцтву клуба за давер і падтрымку ідэі, якую мы змаглі ўвасобіць.


 «Зараз ужо мы самі шмат у чым падаем прыклад іншым клубам»

— Часта можна пачуць, што на дадзены момант у «Крумкачоў» адны з найлепшых клубных медыа ў краіне. Да чаго клуб імкнецца ў сацсетках? На прыклады якіх клубаў раўняецеся?

— Зразумела, што ў нас іншая задача ў параўнанні з тым жа БАТЭ ці «Макслайнам» з Рагачова – хаця б таму, што мы не адзіны футбольны клуб у горадзе. Але імкнемся, каб менавіта «Крумкачы» асацыяваліся з Мінскам. Хочацца, каб мы былі першымі па ключавых паказчыках сярод іншых клубаў са сталіцы.

Не магу сказаць, што мы раўняемся на кагосьці, калі гаворка пра беларускі футбол. «Крумкачы» ідуць сваёй дарогай, і зараз ужо мы самі шмат у чым падаем прыклад іншым клубам. Вельмі прыемна, што зараз многія высока ацэньваюць нашу работу. Імкнемся да павелічэння колькасці падпісчыкаў, ахопу аўдыторыі і яе ўцягнутасці. Першыя два паказчыкі ўвесь час растуць, трэці таксама знаходзіцца на вельмі годным узроўні.

У доўгатэрміновай перспектыве будзем імкнуцца прыцягваць аўдыторыю прыязнасцю і стабільнасцю. Вядома, вельмі важны і спартовы вынік – усе мы чакаем першы трафей у гісторыі клуба, чэмпіёнства і марым годна правесці будучыя сезоны. Але што б не адбывалася на футбольным полі, задача не мяняецца – заўсёды якасна падтрымліваць вобраз клуба ў медыяпрасторы.

У канцы сезона да нас звярнуўся настаўнік беларускай мовы і літаратуры адной са школ горада Магілёва. Ён разам з вучнямі ўдзельнічаў у конкурсе абласных работ по беларускай мове. Тэма даследчай работы – вывучэнне асаблівасцей выкарыстання беларускай мовы ў акаунце «Крумкачоў» ў сацыяльнай сетцы Інстаграм. Як мы хваляваліся, калі чыталі! Але высветлілася, што не так і шмат у нас памылак. Але за некалькі момантаў было, канешне, сорамна.  Зараз адчуваем яшчэ большую адказнасць.

— Якія клубныя футбольныя медыа ў Беларусі табе падабаюцца?

— Не буду браць да ўвагі клубы Д1 і Д2. Хочацца пагаварыць менавіта пра Д3, дзе мы выступалі. Па-першае, калі ў клуба ў Другой лізе ёсць сацсеткі, якія рэгулярна працуюць, – гэта ўжо годна пахвалы. Бо казаць пра бюджэты не даводзіцца і ўсё што робіцца, хутчэй на энтузіязме альбо заўзятараў клуба, альбо адміністрацыі, альбо кагосьці з гульцоў. У дывізіёне горада Мінска было адразу некалькі цікавых каманд. У першую чаргу, чэмпіёны нашага дывізіёна – «Юні-Мінск». У клуба прыемныя, інфарматыўныя сацсеткі, арганізацыя трансляцый матчаў і дадатковы забаўляльны кантэнт для заўзятараў. Адзначу, вельмі добрую працу з партнёрамі. Спадзяюся, яны прадоўжаць выступленне і будуць далей развівацца.

Не магу не адзначыць яшчэ адну каманду нашага дывізіёна. У нейкі момант, я злавіла сябе на думцы, што чакаю новай афішы ад «Серабранкі». Нягледзячы на тое, што каманда да гэтага выступала ў ААФ і сезон быў хутчэй эксперыментальны, ад іх веяла нейкім «трушным» настроем і ў другой палове сезона яны рабілі вельмі «душэўныя» афішы да матчаў.

Калі прайсціся па іншых дывізіёнах, вылучаецца «Жодзіна-Южнае» са сваім «агрэсіўным» вядзеннем Інстаграма, але мне не хапіла забаўляльнага кантэнту ў хлопцаў. Бо прэзентацыя формы была яскравай і з’явіліся адпаведныя чаканні.

Мусіць, на гэтым спынюся.

— У мінулым годзе была больш дасведчаная каманда гульцоў, сёлета — у большасці моладзь. З кім працаваць камфортней?

— Я б сфармулявала пытанне крыху па-іншаму. Наколькі складана «стаць сваёй у камандзе», бо кожны год склад на 80-90% мяняецца. Таму, як і ў мінулым сезоне, у гэтым – прэс-службе клуба для пачатку прыйшлося схіліць да сябе каманду, трэнерскі штаб, каб усе адзін аднаму давяралі і разумелі, што ў выніку выйдзе якасны прадукт.

Працаваць з маладымі гульцамі цікавей, бо для многіх – гэта першы такі досвед – першая афіцыйная фотасесія, першае пасляматчавае інтэрв’ю, удзел у розных здымках і праектах, камунікаванне з заўзятарамі, аўтографсесіі. Недзе даводзілася дапамагаць, разнявольваць, вучыць, нават лаяцца ці наперакос глядзець, калі ў кадры на фоне пачуеш нецэнзурныя выразы. Але з іншага боку – адчувалася, што і футбалістам дзесьці падабаецца ўвага да сябе. Пасля гульні супраць «Серабранкі» прэсс-служба вырашыла ўзяць пасляматчавыя каментары ў нашага маладога брамніка Мацвея Сухарэнкі. На жаль, гэты ролік убачылі толькі падпісчыкі на Patreon. Бо малады гулец вельмі хваляваўся.

У мінулым сезоне ўсё ж такі з самага пачатку ўсе звыкліся да камеры і аператара ў распранальні і давалі інтэрв’ю клубным СМІ не адзін дзясятак разоў у кар’еры.

 — А наколькі змянілася арганізацыя матчаў у Другой лізе?

— Для нас – ніяк. Я прытрымліваюся думкі, што, калі забраць магчымасць гуляць у Першай лізе ў нас можна, то магчымасці арганізоўваць матчы на самым высокім узроўні – нас ніхто не пазбавіць. Таму рэгламент працаваў ад першага матча і да апошняга. І вельмі было прыемна, калі АБФФ абралі менавіта толькі нашы дамашнія матчы ў плэй-оф, адзінымі дастойнымі наведвання дэлегатаў. Дарэчы, заўваг і штрафаў па арганізацыі матчаў мы не атрымалі.

Што тычыцца сацсетак, мы стараемся вытрымліваць класічны кантэнт-план перадматчавага тыдня і матчдэя. Магчыма, недзе робім гэта нават залішне акадэмічна, баючыся нарвацца на хейт і непаразуменне, бо «Крумкачы» – гэта брэнд. Таму, калі вам не хапае мемаў, жартаў і сарказму – сардэчна запрашаем у Twitter ці TikTok.

— Якім чынам атрымоўваецца ўтрымліваць усё на ўзроўні клубаў дывізіёнаў вышэй, улічваючы што афіцыйна ў клубе працуюць толькі дырэктар і маркетолаг?

— Складана. Насамрэч, я не чакала, што ў нас атрымаецца, але ўся каманда валанцёраў, сабраная ў мінулым сезоне, засталася сёлета. Называю нас – самай стабільнай велічынёй у клубе) Калі ў мінулым годзе прыходзілі новыя валанцёры і мы разам шукалі хто чым можа займацца, каму чым цікавей займацца, то ў гэтым годзе ўжо кожны ведаў што рабіць і дзе спатрэбіцца менавіта той ці іншы. Многім прыйшлося навучыцца нечаму новаму, напрыклад, на пачатку года наш рэжысёр трансляцый з’ехаў з Беларусі і нам прыйшлося экстрана праходзіць курсы «здымак матчаў і мантажу». У пачатку сезона яшчэ былі праблемы з трансляцыямі, але ўжо да сярэдзіны першага круга, усё пайшло як трэба. Дзякуй нашым заўзятарам, якія тэсціруюць усё і дапамагаюць развівацца. Таксама прыйшлі і новыя валанцёры, якіх мы з радасцю прынялі ў наш калектыў. Самая важнае – каб кожны займаўся тым, што яму падабаецца, і развіваўся ў тым кірунку, у якім яму было б цікава.

Мы ў гэтым сезоне нават здолелі арганізаваць фудкорт на РЦАРы, чаго там не было шмат гадоў. Шкада, у стадыёна няма ліцэнзіі на продаж спіртных напояў, а так наогул было б як у ніжэйшых ангельскіх дывізіёнах – з аглядам на чыгунку і куфлем светлага нефільтраванага ў руцэ.

 — Колькі часу затрачваецца на працу ў клубе ў разгар сезона?

— Праца ў клубе – гэта шалёны рытм, нон-стоп, жыцця акрамя асноўнай працы і клуба практычна няма: 8-гадзінны працоўны дзень у офісе з панядзелка па пятніцу, 2-3 разы на тыдзень наведванне трэніровак каманды, усе выходныя – падрыхтоўка да матчу. Калі ў футбалістаў – 2-3 выходных на тыдні, то ў маркетолага і прэс-службы выходных няма практычна наогул. Любімы прыклад, сярэдняя колькасць хвілін майго прагляду матча на стадыёне – каля 10 хвілін, калі пашанцуе. А пасля прыязжаешь у кватэру і садзішся глядзець гульню. Добра, што Youtube дазваляе хуткасць павялічваць. І нават цяпер – прайшоў месяц з заканчэння сезона, але спачатку ты арганізоўваеш карпаратыў, затым падводзіш вынікі сезона. І ўжо зараз рыхтуем прапановы для патэнцыйных партнёраў на наступны сезон. Бо чым хутчэй мы знойдзем бюджэт на наступны сезон, тым хутчэй мы зможам прыступіць да падрыхтоўкі маркетынгавай стратэгіі на сезон.


«Для добрай працы вельмі важна, каб адносіны ў калектыве былі заснаваныя на ўзаемнай павазе»

— Ці цяжка працаваць у мужчынскім калектыве? Што скажаш аб праявах сексізму.

— Адзінае, у чым гэта магло праяўляцца – у забабонах. «Жанчына на караблі – да бяды», таму клубная распранальня і клубны аўтобус – гэта месцы, ад якіх трымаюцца далей я, жонкі, і дзяўчаты нашых футбалістаў) Але гэта ўсё, вядома ж, жарты. Хутчэй, гэта месцы, дзе каманда павінна быць сам-насам з сабой, павінна настройвацца на гульню, ці наадварот разбірацца ў паразах або радавацца перамогам. І я лічу, што дадатковыя людзі ў такія моманты не патрэбны. Звычайна я знаходжуся ў распранальні да з’яўлення першага футбаліста, дапамагаю вывешваць форму, робім «класічнае» відэа распранальні для сацсетак. Далей – у мяне дастаткова працы на іншых участках стадыёна.

Таксама парада – ніколі не дыскуціраваць з камандай на тэму футбольнай аналітыкі альбо нейкіх персанальных дзеянняў на полі. Бо яны ўсё роўна разумеюць і ведаюць лепш за цябе, асабліва ўлічваючы, што ў футбол я ніколі сама не гуляла на прафесійным узроўні. У гэтыя моманты галоўнае ўсміхацца і пагаджацца. Добра, што ЧС-2022 праходзіць ужо пасля заканчэння сезона, бо я б наслухалася жартаў пра зборную Англіі і яе паразу ў чвэрцьфінале.

— То бок, замуж за футбаліста «Крумкачоў» ты выходзіць не плануеш?

— У камандзе ў мяне з гульцамі вельмі сяброўскія адносіны. Кпім адзін з аднаго, жартуем, але можам і сур’ёзныя рэчы абмеркаваць. І, вядома, падтрымліваем. Мне прыемна, калі хтосьці з футбалістаў бачыць, напрыклад, што я засмучаная, і імкнецца мяне падбадзёрыць.

Я вельмі рада, што ў хлопцаў такое да мяне стаўленне – няма бар’ера, што я дзяўчына і да мяне трэба неяк па-іншаму адносіцца. Бо для добрай працы вельмі важна, каб адносіны ў калектыве былі заснаваныя на ўзаемнай павазе.

— А як ідуць справы з Krumkacheeks?

— Пасля года трэніровак трэнер кажа, што мы гуляем на ўзроўні дзяцей 3,5 гадоў) Гуляць у футбол нам падабаецца, трэніравацца і вучыцца нечаму новаму. Але мы не разумеем нашых перспектыў. У жаночым футболе ў краіне ёсць або Вышэйшая ліга, або юнацкае першынство. Спрабавалі заявіцца ў ААФ, але там занадта высокі ўзровень і фізічна небяспечна ўдзельнічаць жаночай камандзе. Пакуль трэніруемся – але што далей не ведаем.

— Па тваіх сацсетках відаць, што ў гэтым сезоне ты наведала шмат матчаў усіх дывізіёнаў. Навошта?

— Усё пачалося з моманту, калі я вырашыла абагнаць свайго знаёмага па колькасці наведаных футбольных стадыёнаў Беларусі, пакуль ён знаходзіцца не ў краіне і не мае магчымасці гэтую лічбу павялічваць. За два гады я наведала 45 стадыёнаў і засталося ўсяго 18 да перамогі. Мне нават прыйшлося устанавіць дадатак «Futbology» і адзначаць там усе матчы.

Але ўвогуле, я вельмі люблю падарожнічаць, у тым ліку і па Беларусі. Наведваць новыя гарады, славутасці, адзначаць асаблівасці жыцця ў тым ці іншым горадзе. Ну і вядома ж, пасля таго, як я пачала працаваць у клубе, для мяне вельмі цікава назіраць за арганізацыяй матчаў, матчдэя, магчыма, нешта прыкмячаць для нас.

Дзіўна, але далёка не ва ўсіх клубаў Вышэйшай лігі ёсць матчдэй, фаншопы на матчах, маскоты і пункты харчавання. Што для мяне падаецца асновай камфортнага і цікавага знаходжання на матчах. Здаецца, былі на матчы жодзінскага «Тарпеда» і адзін клубны шалік маркотна вісеў на нейкім стэндзе. У вас жа такія бюджэты, такія магчымасці!

З іншага боку – матчы Другой лігі. Аб выкананні крытэрыяў рэгламенту мы казаць не будзем, але самае важнае – гэта эмоцыі і атмасфера. Напэўна, самы яскравы матч сезона, куды мы патрапілі – матч у Старобіне. Гулялі на школьным стадыёне, пыл клубамі паднімаўся на метры ўверх, мясцовыя дзеці на роварах заўзелі за сваіх гульцоў, «кузьмічы» адыходзілі ў кусты выпіць нешта саграваючае. Дарэчы, вельмі вялікі мінус стадыёнаў краіны – адсутнасць магчымасці піць піва проста на трыбунах. Бо піва і футбол – гэта неад’емныя атрыбуты класічнай культуры заўзення. У гэтым моманце я зайздрошчу мінскаму «Дынама».

— Што плануеце на наступны сезон?

— Пакуль асноўная задача – зразумець у якім дывізіёне мы будзем гуляць і з якім бюджэтам. Бо правільнае планаванне ў пачатку – заклад стабільнасці ў канцы. Смешна чытаць асобных футбольных аналітыкаў, якія сцвярджаюць, што калі ў 2016 вы гулялі з бюджэтам ва ўмоўныя 100 тысяч даляраў, навошта вам больш? Тады сустрэчнае пытанне – у вас ёсць матчы зборнай і сайт АБФФ з вынікамі гэтых матчаў – навошта вам больш? Гэта як карыстацца безкаштоўнай бэта-версіяй дадатка ці купляць прэміум – кожны абірае тое, што яму патрэбна.

Як і заўжды, у будучым сезоне плануем здзіўляць – дзесьці складам каманды, дзесьці кайфовымі дызайнерскімі вырашэннямі. Ну і канешне, новымі рубрыкамі ў сацсетках і праектамі на YouTube-канале.

Фота – Аляксандр Шычко, Яўген Кавалевіч, асабісты архіў.

Прэс-служба НФК «Крумкачы»

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *