Сёння да прэс-службы завітаў дыктар-каментатар клуба Аляксей Барысевіч. Менавіта Аляксей за два сезоны прайшоў шлях ад заўзятара, які праехаў на ровары больш за 100 км на выправу, да дыктара, чый голас сёння ведае кожны, хто хаця б раз быў на гульнях у гэтым сезоне.
— Як даўно ты ведаеш пра «Крумкачы»?
— Ведаю пра клуб з моманту ягонага заснаванння. Скажу шчыра, што мае ўражанні ў першыя месяцы пасля стварэння каманды былі кшталту «нешта там для хіпстэраў». Але мне было вельмі ўсцешна бачыць заўзятарскія шалікі з поклічам па-беларуску «Ляцець высока, глядзець далёка». Непасрэдна беларускага складніка ў нашым футболе бракавала як тады, так бракуе і цяпер, таму з’яўленне такой каманды было «бальзамам на душу» для мяне. Не сачыў за камандай шчыльна, але знамянальныя перамогі над «Дняпром» і «Дынама», напрыклад, не абмінулі мяне.
— Апішы свой першы матч «Крумкачоў».
— 21 траўня 2021 года, шалёны дождж на САК «Алімпійскі» і мінімальная перамога над «Дняпром». Вясна летась была халоднай і даждлівай, таму напярэдадні гульні пайшоў купляць парку, каб не змерзнуць на гульні. Дагэтуль памятаю, як абмяркоўваў з кансультантам, што «Вось, заўтра пайду на «Крумкачоў», а ён кажа: «О, кайф, таксама доўгі час хачу завітаць!» Гэта я пра тое, што сімпатыі да каманды ёсць у нашмат большага кола людзей, чым тое кола, якое рэгулярна прыходзіць падтрымаць каманду на стадыён.
Таксама добра памятаю выдаленне гульца гасцявой каманды, якое суправаджалася гучным «У-ха-дзі!». Ну і свае белыя кеды, бо для мяне наведванне той гульні было пэўным святам. Гэта цяпер я збіраюся на гульні больш спрактыкавана, каб не мерзнуць на сектары.
— «Крумкачы» існуюць з 2014 года і за гэты час з клубам было звязана шмат знакамітых прозвішчаў – Дулуб, Хамутоўскі, Кошаль, Філ Іваноў і г.д. Хто для цябе самае «легендарнае» імя ў гісторыі клуба і чаму?
— Скажу шчыра, што доўгі час «Крумкачы» у мяне шчыльна асацыяваліся з прозвішчам Шунто і шматлікімі каляфутбольнымі размовамі. Але калі казаць пра самую «легендарную» персону, то для мяне гэта Алег Дулуб, таму досыць няўтульна сябе адчуваў летась, калі Алег Анатольевіч перастаў выконваць абавязкі галоўнага трэнера каманды. У мяне гэты чалавек асацыюецца з прафесіяналізмам, пастаянным самаўдасканаленнем, інтэлегентнасцю і прынцыповасцю. Называць «чорнае» «чорным» вельмі важна, за што я бязмерна паважаю спадара Алега Дулуба. Мяркую, калісь у будучыні адна з трыбунаў арэны «Крумкачоў» мусіць насіць імя гэтага чалавека. Хаця можа людзі з большым досведам у «Крумкачах» аспрэчаць гэткую маю фантазію.
— Чым ты займаешся ў клубе?
— Напрыканцы траўня, уначы, напярэдадні гульні са «Слонімам» у Кубку Беларусі, мне прапанавалі пабыць дыктарам на хатняй гульні. Калі просяць уначы, то значыць, што вельмі трэба, таму я не мог адмовіць. Ды і прапанова цікавая, бо цягам апошняга года зразумеў, што трэба часцей спрабаваць нешта новае, кідаць сабе пэўныя выклікі, таму, скажам так, усё супала. Здаецца, заўзятарам спадабаўся я на гэтай пазіцыі, бо падчас першай жа гульні яны скандавалі на мой адрас «Каментатар – малайчына, хэй, хэй!». Хаця я такі думаю: «Ну які я каментатар, калі я дыктар?» Але, як кажуць, лёс склаўся так, што неўзабаве мне прапанавалі пракаментаваць па-беларуску гульню супраць «Энергетыка-БДАТУ». У падлеткавым узросце марыў пра такое, гледзячы футбол па тэлевізары, таму баяўся, але, вядома ж, пагадзіўся. Вечар напярэдадні гульні правёў за зборам інфармацыі пра нашага суперніка і, уласна кажучы, пра нашую каманду. Гэтак жа сама раблю і цяпер перад гульнямі. Я цвёрда перакананы, што гэта не лепшая ідэя распавядаць гледачам усё, што адбываецца на полі. Таму спрабую інтэграваць у эфір цікавую (ну, мне так падаецца) інфармацыю, трошку аналізаваць, што адбываецца на полі, рабіць пэўныя высновы. Памятаю, што перад гульнёй хваляваўся за свой каментар, а мой напарнік Дзіма Падгорны – за сваю беларускую мову. Але, скажу шчыра, Дзімавы хваляванні былі дарэмнымі, бо ўсё атрымалася досыць арганічна, на маю думку. Карацей, рэзюмуючы: пераважна, я выконваю абавязкі дыктара і каментатара, але намагаюся дапамагаць камандзе і на іншых кірунках, дзе магу быць карысным – хоць рукамі, хоць галавой. Напрыклад, на хатню гульню з «Бумпрамам» падрыхтаваў перадматчавы квэст, які, здаецца, спадабаўся ўдзельнікам, але нам трошку перашкодзіла надвор’е.
— Распавядзі 2-3 самыя яркія і смешныя гісторыі, якія адбыліся з табой у якасці дыктара ці каментатара.
— Уважлівыя гледачы і слухачы маглі звярнуць увагу, што падчас трансляцый, хвіліне прыкладна на 65-70, я магу знікнуць на нейкі час з трансляцыі. У чым жа справа? Справа ў тым, што ў гэты час адбягаю на сектар, каб завесці крычалку пра «краша» нашай кампаніі – Марата Чарнякова, які да нядаўняга часу быў абаронцам каманды. А потым бягу назад да мікрафона. Дзякуй маім напарнікам, што страхуюць мяне ў гэты час.
Што тычыцца дыктарскай, то там бывала, што не адключу мікрафон і нешта не вельмі цэнзурнае ад хвалявання «ляпну» на ўвесь стадыён. Пакуль наступстваў не было, але спрабую больш такога не дапускаць.
А яшчэ часам праца дыктара пераўтвараецца ў працу дэтэктыва, калі ні ты, ні каментатары, ні рэдактар тэкставай трансляцыі не заўважаюць аўтара забітага мяча. У такія моманты шукаеш нейкае выйсце, аператыўна пераглядаеш трансляцыю, вызначаеш аўтара гола, напрыклад, па колеры буцаў і молішся, каб ён хутчэй пагарнуўся спінай, каб разгледзець ягоны нумар.
— Хацеў б ты паспрабаваць сябе яшчэ ў нечым? Магчыма, у якасці футбаліста ці Крумкі?
— Крумка? Дакладна, не. Можа толькі пасля хімчысткі, але гэта, здаецца, дакладна не маё. У нас і так шыкоўныя Крумкі. А вось футбалістам цікава было б сябе паспрабаваць, хаця я люблю гуляць на пазіцыі брамніка. Пазіцыя брамніка ў футболе вельмі адказная, бо ў полі партнёры могуць падстрахаваць, а вось на браме пераважна разлічваеш толькі на сябе. Таму мая велізарная павага і падтрымка нашым брамнікам. Калі казаць пра нейкія іншыя іпастасі, то ёсць адчуванне, што хацеў бы паспрабаваць сябе ў нейкім відэафармаце. Пасля гульняў часта з людзьмі з «крумкачоўскага» атачэння абмяркоўваем вынікі гульні і разбіраем дзеянні футбалістаў, таму ўжо мільгала думка, што можна было б паспрабаваць вывесці гэта ў нейкі відэафармат, але ўсё гэта вымагае пэўных рэсурсаў, якіх, на мой асабісты жаль, вельмі бракуе ў клубе, дзе шмат што трымаецца на цудоўных людзях і энтузіязме.
— Раскажы пра самую яркую падзею ў клубе для цябе ў прынцыпе за гэты перыяд (як заўзятара ці як валанцёра).
— Ого, я валанцёр? А калі казаць сур’ёзна, то вылучу, напэўна, наступную падзею. Напрыканцы мінулага сезона камандзе трэба было гуляць пераходныя матчы са «Славіяй» за права трапіць у Вышэйшую лігу. Напярэдадні гульні ў адказ на стадыёне САК «Алімпійскі» выпала дахалеры снега, правядзенне гульні, як я разумею, было пад пытаннем. Тады клуб кінуў покліч да неабыякавых людзей з просьбай дапамагчы пачысціць поле ад снега. Яскрава памятаю як напярэдадні і ў дзень гульні дзясяткі заўзятараў, ды і не толькі, шуфлямі, шчоткамі і іншымі цікавымі прыладамі даводзілі поле да прыдатнага стану. Так, часам бываюць непаразуменні ў «крумкачоўскім» кам’юніці, ёсць разуменне, што ўсе мы розныя, але менавіта ў такія моманты ты пераконваешся, што, сапраўды, мы «адна сям’я».
— У мінулым сезоне ты наведаў шмат выязных матчаў на ровары. Распавядзі пра свой самы дальні выезд, колькі км ты праехаў за сезон. І якая самая незвычайная падзея здаралася з табой падчас «роварных» выпраў?
— Так, сапраўды, уражанняў у мяне хапала не толькі на пасадзе дыктара-каментатара, але і ў якасці заўзятара. У мінулым сезоне «прабіў» некалькі выправаў на ровары. Самая першая была ў верасні на гульню ў Воршы. Памятаю, што выязджаю я на ровары недзе пад Талачынам, а мне дарогу пераходзіць лось – не Іна Паўлаўна, а сапраўдны. Тады я пачаў сумнявацца, ці даеду. Увесь мокры і брудны, але шчаслівы, я здолеў даехаць да Воршы. Пад’язджаю да стадыёна, фанатаў не чуваць, але каманды гуляюць. Гляджу з-за плота – нешта форма зусім на нашую не падобная. І толькі тады зразумеў, што стадыёны паблытаў. Вымушаны быў уключаць «турба» і ляцець за 5 кіламетраў, каб трапіць на гульню. Была яшчэ выправа ў кастрычніку ў Гарадзею, калі з Мінска мы выязджалі ўдвох з сябрам, але да Гарадзеі даехаў толькі я.
Калі казаць пра лічбы, то самай доўгай атрымалася выправа ў Івацэвічы, калі за дзень я праехаў 103,5 кіламетры. Надвор’е было вельмі спрыяльнае, адзінае, што недзе на сярэдзіне маршрута прылёг адпачыць на дужа прыгожыя свежаспілаваныя дрэвы, а калі падымаўся, то зразумеў, што самае маё мяккае месца апынулася ў смале. Вось гэта я называю «шукаць прыгоды на адно месца». Агулам за 5 выправаў накруціў 426 кіламетраў. Шкадую, што пачаў «выгульваць» свой ровар толькі ўвосень, хачу зладзіць некалі выправу з начоўкай у намёце.
Цікавая гэта справа – выправы на ровары, вельмі раю. Зараз лячу нагу, але ў будучыні абавязкова хацеў бы вярнуцца да гэтай практыкі.
— «Крумкачы» па ахопах у соцсетках уваходзяць у топ-10 самых папулярных клубаў краіны. Чаго не хапае, каб увайсці у топ-3 ці стаць лідарамі?
— Адразу да галавы прыходзяць чатыры складнікі: бюджэт, паўнавартасны маркеталагічны аддзел, спартовыя дасягненні і сталічная канкурэнцыя. Патлумачу: на маю думку, без грошай шмат што рабіць складана. Шмат чаго ў клубе трымаецца на энтузіязме – добра яшчэ, што энтузіязм ёсць. У гэтым сезоне шмат паездзіў па гульнях мінорных ліг Беларусі – Старобін, Жлобін, Дзяржынск ды іншыя. Дык вось там няма ні грошай, як я разумею, ні энтузіязму. Ні пра якую актыўнасць ці хаця б мінімальную прысутнасць у медыйным полі казаць не даводзіцца – вось за гэта трошку сумна. Што тычыцца паўнавартаснага аддзела маркетынгу, то прысутнасць дасведчаных і матываваных маркетолагаў ніколі не зашкодзіць, тым больш што ў беларускім футболе для іх столькі глебы для аналізу і працы. Калі казаць пра спартыўныя дасягненні, то відавочна, што кубкі і медалькі спрыяюць пашырэнню папулярнасці клуба. Гэта добра бачна на прыкладзе двух апошніх дзесяцігоддзяў барысаўскага БАТЭ. Ну і тое, што троху вынікае з папярэдняга пункта – сталічная канкурэнцыя. Сімпатыі заўзятараў у Мінску падзеленыя паміж «Дынама», «Мінскам», «Тарпеда», «Юні», былым «МТЗ РІПА».
— Як думаеш, якая асноўная мэта і задача клуба «Крумкачы»?
— Калі казаць пра мэту, то яна мусіць быць адна – імкненне да дасягнення спартыўных вяршыняў у нашай краіне і за ейнымі межамі. А вось што тычыцца задач, якія варта вырашыць на шляху дасягнення мэты, то я думаю, што яны досыць лагічныя і відавочныя. Можна іх агучыць тэзісна: перадусім пошук стабільнага фінансавання для клуба. Дзякуючы фінансаванню можна было б развіваць працу сваіх дзіцяча-юнацкіх каманд і займець мінімальны скаўцкі аддзел, які б займаўся пошукам талентаў для каманды. Ну і трошку складана ўявіць усё гэта без уласнай клубнай інфраструктуры для арганізацыі паўнавартаснага трэніровачнага працэса. Гэта вельмі сцісла і далёка не ўсе, але тое, што ляжыць на паверхні для мяне.
— Цяперашні сезон яшчэ працягваецца, але давай пафантазіруем. Якімі ты бачыш «Крумкачы» праз 10 год?
— Калі зусім фантазіраваць, то давайце ўявім, што праз 10 гадоў чэмпіёнамі Беларусі па футболе, хакеі, баскетболе і валейболе, напрыклад, будуць футбольныя, хакейныя, баскетбольныя і валейбольныя клубы «Крумкачы».
— Дзякуй, Аляксей! Поспехаў.
Прэс-служба НФК «Крумкачы»