Сёння да прэс-службы завітала валанцёрка і сябра клуба Ксенія. Менавіта з яе мы пачнем цыкл інтэрв’ю з хлопцамі і дзяўчатамі, дзякуючы якім «Крумкачы» з’яўляюцца адным з самых медыйных клубаў краіны.
– Ксенія, як даўно ты ведаеш пра «Крумкачы»?
– Мне падаецца, што я ўпершыню пачула пра каманду ў момант, калі яна толькі пачала свой шлях, бо гэта была першая беларускамоўная каманда. У мяне быў перыяд, дзякуючы настаўнікам, калі ўва мне выбухнулі патрыятычныя пачуцці, таму беларускамоўная каманда была для мяне адкрыццём. Але нешта тады беларускім футболам я не вельмі зацікавілася, таму і да «Крумкачоў» павярнулася праз колькі часу.
– Апішы свой першы матч «Крумкачоў».
– Першы матч, як напэўна і ў шмат каго, хто зараз ходзіць на гульні каманды, – 1/16 фінала Кубка Беларусі супраць мінскага «Дынама». Вельмі добра памятаю вялікія чэргі, якія нікога не турбавалі, а наадварот спрыялі нейкаму аб’яднанню, бо было відавочна, што ўсе мы былі тут дзеля народнай каманды. Сам матч не вельмі памятаю, але атмасфера была такая натхняльная, што мне захацелася яшчэ, ну і вось я дагэтуль і засталася.
– Адкуль ты даведалася пра валанцёрскую «тусоўку» клуба і што стала адпраўной кропкай?
– Пра валанцёраў я не вельмі ведала, насамрэч. Я звычайна прыходзіла на матчы адна і сядзела адна, ні з кім не размаўляючы, сачыла за гульнёй. Ну толькі што сяброўцы з-за кардона знімала Крумку, бо ёй вельмі падабаўся наш маскот (як іранічна, канешне, склалася). Але калі паехала на першы выезд у Слонім, дык зразумела, што клубам займаюцца людзі і праніклася павагай да іх працы.
Адпраўная кропка – выязная гульня ў Петрыкаў у канцы першага кола ў мінулым (2021 год) сезоне. Падыйшла да нейкіх дзяўчат на сектары распавесці пра тое, які Дзяніс Ясковіч кайфовы і завярцелася. Разам пайшлі глядзець матчы чэмпіяната Еўропы, пасля падцягнулі на дапамогу, пакрысе стала часцей прыходзіць за некалькі гадзін да матча, ну і вось я тут.
– Чым ты займаешся ў клубе?
– Я часцей за ўсё пераапранаюся ў маскота Крумку. На дамашніх матчах хаджу ў касцюме і тусуюся з дзецьмі, ну і фоткаюся з тымі, хто просіць. На гасцявых матчах звычайна проста заўзятар, але адзін раз, на матчы з «Тарпеда», дазволілі пабыць дыктарам, калі наш звычайны дыктар Алёша быў каментатарам. Досвед не сказаць, каб добры, праз некаторых асоб з боку другога клуба, але было цікава, па-іншаму глядзіш на гульню, бо ў касцюме ты з большага не можаш глядзець на поле, таму што ты заняты тым, што гутарыш з дзецьмі, іх бацькамі, дый іншымі людзьмі і большую частку матча праводзіш спінай да поля.
Калі трэба, я апранаю касцюм і не на матч. Мы неяк здымалі рэкламныя інтэграцыі з нашымі партнёрамі, таму прыйшлося апранацца.
– Распавядзі самыя яркія і смешныя гісторыі, якія адбыліся з Крумкам.
– Не так даўно як раз здымалі рэкламы і была вельмі смешная гісторыя. Было некалькі лакацый, таму я вырашыла не пераапранацца па шмат разоў і паехаць на таксоўцы з аднаго месца да другога ў Крумцы. Ехала на пярэднім сядзенні, напэўна, калі хто бачыў мяне з іншых машын, дык вельмі здзіўляўся. Мне падабаецца, калі людзі бачаць Крумку і пачынаюць усміхацца.
Яшчэ адна гісторыя ўжо хрыстаматыйная: быў апошні матч мінулага сезона, пераходны матч супраць «Славіі». Мне трэба было прайсці на адну з трыбун штучнага поля, а там стаялі праваахоўнікі, якія правяралі людзей. Я звыклася, што мяне правяраюць, мацаюць, папярэдне пытаюць, дзяўчына я ці хлопец. Але тут было зусім дзіўна: папрасілі зняць галаву, каб паглядзець. Шмат хто з дзяцей ведаюць, што ў касцюме чалавек, але ёсць тыя, хто не, таму было няёмка здымаць частку касцюма, каб не напужаць дзяцей.
Ну і апошняя гісторыя, якая прыйшла ў галаву, гэта як я набегалася за першы тайм і перапынак дамашняга матча з «Лідай». Было гэта на САКу, таму пайшла на звыклае месца на кассах, каб адпачыць. Пачаўся другі тайм, я п’ю і тут чую, як людзі пачынаюць гарлапаніць ад радасці – мы забілі! Прыслухоўваюся і чую: «Дзяніс Ясковіч!», а гэта быў мой улюбёны гулец мінулага года. Апранаю галаву, лячу да поля. Усе, канешне, смяяліся з таго, як мне не пашанцавала прапусціць гол любімчыка. Але на наступны выязны матч я зрабіла плакат з просьбай Дзянісу забіць, што ён і зрабіў.
– Хацела б ты паспрабаваць яшчэ сябе ў нечым? Альбо Крумка – гэта душа і тваё другое «я».
– З Крумкам я, канешне, ужо параднілася, але і, напрыклад, дыктарства мне спадабалася. Я таксама некалі правярала квіточкі, што таксама было весела, бо ты гутарыш з людзьмі, якія ходзяць на матч, можаш нешта пачуць, што можна было б палепшыць і надаеш людзям нейкі пазітыў перад матчам. Я так адзін раз не прапусціла двух гульцоў з вышэйшай лігі на матч, бо яны не набылі квіткі. Ужо потым я дазналася, што футбалістаў, якія так ці інакш заяўлены на сезон у любой з ліг Беларусі можна пускаць бесплатна. Але мы нават пачалі спілкавацца пасля таго выпадку. Вось такі дзіўны спосаб пазнаёміцца з футбалістамі ў Беларусі.
Можа калісьці дайду да таго, каб пракаментаваць нейкі матч, але пакуль мне гэта бачыцца занадта адказным, каб я вольна гэта паспрабавала і мне было б утульна ў гэтай ролі.
Але, як бачна, валанцёрства ў «Крумкачах» – гэта магчымасць паспрабаваць сябе шмат у чым.
– Раскажы пра самую яркую падзею ў клубе для цябе ў прынцыпе за гэты перыяд.
– Ох, мне заўсёды цяжка ўспамінаць якіясь канкрэтныя гісторыі. Напэўна раскажу пра тое, якая падзея была яркай менавіта для мяне. Для мяне вельмі дзіўным і нечым яркім было тое, што ў мяне з’явілася першая форма футбольнага клуба. Акрамя «Крумкачоў» я заўзею шчэ за «Барселону», лонданскі «Арсенал», а таксама за маскоўскі «Спартак», але ў мяне ніколі не было формы клуба: ні ў дзяцінстве, ні пасля, ужо ў свядомым узросце. Але я так праніклася «Крумкачамі», што менавіта з гэтым клубам мне захацелася мець частку. Зараз у мяне ажно дзве цішоткі клуба, думаю, што не апошнія.
Яшчэ для мяне яркай падзеяй было тое, што гульцы ў мінулым сезоне вельмі добра адрэагавалі на тое, што я рабіла плакаты. Некаторыя нават сабе іх забіралі. Гэта вельмі міла і працягвае гэтую сувязь паміж гульцамі і заўзятарамі яшчэ больш.
Ну а для клуба, канешне, самай яркай падзеяй быў серыял ад Сашкі Івуліна. Шмат хто дзякуючы гэтаму прыйшоў, таму такі вялікі штуршок для каманды – гэта ў тым ліку і яго заслуга.
– Ты таксама з’яўляешся гульцом «Krumkacheeks». Як лічыш, гэта ў большай ступені забава або пачатак жаночай прафесійнай каманды клуба?
– Цяжка сказаць, як будзе далей, але, мне падаецца, што зараз тое, што пачыналася, як нейкая забава, пачынае станавіцца больш сур’ёзным. Напэўна, калі паглядзець нашыя першыя трэніроўкі і завітаць да нас зараз, дык будзе бачна вялікая розніца. Жаночыя каманды адрозніваюцца тым, што дзяўчаткі звычайна больш упартыя і хочуць дабіцца нечага нягледзячы ні на што. Я бачу сваіх дзяўчатак, якія зрабілі вялікі скачок у сваёй тэхніцы. Канешне, мы белыя паперкі і нам яшчэ шмат чаго трэба зрабіць на шляху да паўнавартаснай каманды, але бачна, што шмат каму гэта не проста цікава, але яны і бачаць нейкую будучыню ў гэтым праекце.
Мне б хацелася, каб ён жыў. Няхай на шляху да прафесійнай каманды ўжо не будзе тых, хто пачынаў, але наша справа будзе працягвацца і будзе патрэбная. Абодва нашыя трэнеры казалі, што некаторыя з нас могуць стаць футбалісткамі, а хто я такая, каб не верыць трэнерам?
– Як думаеш, якая асноўная мэта і задача клуба «Крумкачы»?
– На жаль, можна бачыць зараз, што беларускі футбол у большасці сваёй нікому не патрэбен і працягвае сваё жыццё ў большай ступені па інэрцыі. «Крумкачы» – гэта глыток нечага новага, цікавага, роднага ў вялікім моры аднолькавага, нецікавага і плоскага.
Ніводзін клуб Беларусі не змог нешта закрануць у маім сэрцы, бо яны адрозніваюцца толькі колерамі, а тут «Крумкачы», якія хочуць ствараць нешта, нягледзячы на задубеласць сістэмы беларускага футбола, якая боўтаецца ў сваім балоце і ім нічога не трэба.
«Крумкачы», як мне падаецца, не толькі і не столькі футбол, колькі той каменчык у абутку, які стварае дыскамфорт і змушае цябе нешта рабіць.
– Цяперашні сезон яшчэ працягваецца, але давай пафантазіруем. Якімі ты бачыш «Крумкачы» праз 10 год?
– Ох, пытаннечкі ў вас. Мне б хацелася, каб «Крумкачы» працягвалі наводзіць кіпіш у беларускім футболе і не сталі тым самым клубам, які адліты ў бронзы і яго нельга змяніць, нешта дадаць і ён становіцца вельмі сумным. Хацелася б каб клуб быў такім жа шалёным, які мог бы адбіраць балы ў тых самых забранзавелых лідараў, цюкаць іх і паказваць, што аўтарытэтаў для «Крумкачоў» няма.
Хацелася б пабачыць матч легендаў «Крумкачоў», дзе б за каманду згулялі Філ, Івулька, Шыкаўка, Яцкевіч дый іншыя хлопцы, дзякуючы якім клуб жыў, мацнеў і стаў такім, якім мы яго ведаем.
Ну а для жаночай каманды я жадаю выйсці ў Лігу чэмпіёнаў, можа я яшчэ тады пагуляю, ці буду ў маскоце – Крумачцы. Хто ж ведае)
– Дзякуй, Ксенія! Поспехаў і хай шчасціць у «Krumkacheeks».
Прэс-служба НФК “Крумкачы”