«Я раней хадзіў на «Чэлсі» ў Лондане, але гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з «Крумкачамі». У Мінску прайшоў пяты «Злёт Крумкачоў» – рэпартаж на партале pressball.by

Футбалісты і фанаты згулялі ў футбол.


31 ліпеня на футбольных палях па вуліцы Сярова, 18 адбыўся ўжо традыцыйны, пяты па ліку, “Злёт Крумкачоў”, які арганізуюць аднайменны мінскі клуб і яго адданыя балельшчыкі.

Насамрэч “Злёт” — гэта нават не аматарскі футбольны турнір, а вялікі і душэўны сямейны пікнік, куды можа прыйсці любы ахвочы. Настолькі душэўны, што “крумкачы” прылятаюць нават з Лондана:

Мяне клічуць Зміцер, і я сам жыву ў Лондане, але родам з Менска. Вось прыляцеў на злёт з Лондана на самалёце ў Вільню, а потым на аўтобусе ўжо сюды, да “Крумкачоў”!

І як пасля Лондана з “Чэлсі” і “Арсеналам” тут?

Я раней хадзіў на “Чэлсі”, але гэта ўсё не ідзе ні ў якое параўнанне з “Крумкачамі”. “Крумкачы” – страмчэй!

І ты ганяеш па Лондане ў футболцы “Крумкачоў”?

Не, я ганяю ў ёй па сваёй кватэры (смяецца), калі каментую матчы каманды на ангельскай! Так, у “Крумкачоў” ёсць фанаты і ў Англіі. Іх няшмат, але яны ёсць!

Яны з’явіліся падчас першай хвалі пандэміі каранавіруса вясной 2020 года?

Так, з-за ўзнятай тады цікавасці да беларускага чэмпіянату кіраўніцтва клуба вырашыла зрабіць стрым на англійскай таварыскай матчу з “Ашмянамі”. Мы набралі 5 тысяч праглядаў і замовы на 12 маек “Крумкачоў”. І так усё пайшло-паехала.

Значыць, усё гэта манетызуецца?

Канечне!

Па колькасці фанатаў, якія з’явіліся падчас пандэміі ў іншых краінах, “Крумкачы” могуць пацягацца са “Слуцкам”?

Са “Слуцкам” будзе складана (смяецца). Але, наколькі я ведаю, “Слуцк” гэта ўсё асоба не манетызаваў. У нас меншая папулярнасць, але манетызацыя лепшая.

На самым стадыёне з калонак гучалі вечныя хіты гуртоў The Prodigy і Nirvana, а людзі цэлымі сем’ямі “чылілі”, весела размаўляючы і жуючы чыпсы. Некаторыя ўзялі і хатніх гадаванцаў, як, напрыклад, Дар’я з сабачкам Чарлі:

Мы падтрымліваем “Крумкачы” з мінулага сезона. У мінулым сезоне мы наведалі практычна ўсе выязныя матчы. А вось на “Злёце Крумкачоў” мы ўпершыню, і я ў захапленні ад атмасферы. Пёсіку таксама падабаецца (смяецца). Мы таксама падтрымліваем майго хлопца, які грае за каманду “Крумкачы-1”. Не, ён не гулец асновы каманды, проста ён набыў абанемент, які дае права згуляць адзін матч за каманду.

А на футбольных палях рабілася такое, што не перадаць словамі. Гулялі і госці турніру, і гульцы асновы “Крумкачоў”, і заўзятары, кіраўніцтва, і нават і іх дзеці. Але галоўнымі рокстар турніру была каманда “KrumkaCheeks”, большасць гульцоў якой складалі адданыя заўзятаркі “Крумкачоў”.

Нягледзячы на тое, што гэта быў першы матч каманды, дзяўчаты самааддана змагаліся на полі супраць мужчын, і іх горача падтрымлівалі гледачы. Мусіць, найболей шчыра і гучна “Krumka Cheeks”. падтрымлівала іх “баявая сяброўка” Каця:

Я вельмі цікаўлюся футболам, але гуляць у яго не маё, я больш па танцах. Я гэта зразумела, калі аднойчы прыйшла на трэніроўку ды “Krumka Cheeks”. І гэта было больш па фану, бо я нават туды прыйшла ў сукенцы (смяецца). Але ж, я паўтаруся, што я вельмі цікаўлюся беларускім футболам і хачу прапагандаваць любоў да яго і да беларускай культуры ўвогуле. Самае цікавае, што я сама родам з Мазыра і, канешне, бывала на матчах “Славіі”, але неяк душа да гэтага клуба ў мяне не ляжыць. А вось так “Крумчачоў” дакладна! Прыйшла ў каманду ў тым годзе ў якасьці валантэркі ды так і засталася. І ні разу аб гэтым не пашкадавала!

Тут якраз прывезлі смаргонскае марожанае ад сяброў каманды, і Кацярына, як сапраўдны патрыёт і валанцёр клуба, з усмешкай пачала раздаваць яго ўсім ахвочым, у першую чаргу дзецям. Гэтак жа для ўсіх жадаючых была даступная гарбата з пячонкамі, якая была вельмі дарэчы ў дажджлівае надвор’е, якое ўсталявалася бліжэй да заканчэння “сяброўскай імпрэзы”.

А скончылася ўсё сяброўскімі абнімашкамі ўдзельнікаў злёту, сэлфі з Кубкам, і агульнымі фота.

Мікіта ПАСТУХОЎ — тэкст і фота

Чытаць цалкам: https://www.pressball.by/pbonline/football/89952