Супрацьстаянне «крумкачоў» і «ваўкоў» стала прынцыповым амаль адразу як толькі з’явілася ў прыродзе. Спачатку каманды сустракаліся ў Першай лізе, пасля ў Вышэйшай. Эмоцыі ў саперніцтве тады яшчэ Жукоўскага і Дулуба часам білі цераз край. Да 2022-га «Крумкачы» і «Іслач» даўно разбегліся па розных дывізіёнах, тым не менш матч на Сямашка па-ранейшаму заставаўся адной з найбольш гарачых кропак 1/16 фіналу Кубка.
Апошнія гады сапернікі, уласна, могуць сустракацца толькі ў Кубку. Гэта адбываецца другі раз – папярэдні здарыўся восенню 2020-га. Вы ж напэўна памятаеце легендарны матч «Крумкачоў» з мінскім «Дынама» — гэта была 1/16 фіналу Кубка Беларусі-2020/21, а галы Сяргея Лынько і Міхаіла Калядкі прынеслі «варонам» адну з самых памятных перамог у гісторыі. Дык вось, пасля гэтага яны якраз патрапілі на «Іслач», якую трэніраваў яшчэ Віталь Жукоўскі. І на пачатку кастрычніка на сваім полі «згарэлі» без шанцаў — 0:4 (Рыбак, 8, Барадзін, 59, Стэфен, 69, Макась, 90+3). Зрэшты, з таго часу ў абодвух клубаў у складах засталіся лічаныя людзі.
Аднак тады «Крумкачы» змагаліся за выхад у элітны дывізіён. Зразумела, нікуды не выйшлі, як і праз год, паколькі трапілі ў стыкавыя матчы (а там ужо, што называецца, справа тэхнікі). Але тым не менш, навязалі барацьбу да самага фінішу «Спутніку» і «Гомелю», якія тады ўзняліся ў вышэйшую лігу. Сягоння ж «Крумкачы» зрабілі змушаны, але лагічны крок назад: калі дзвярэй у вышэйшую лігу для каманды пакуль не існуе ў прынцыпе, які сэнс біцца аб сцяну? Узімку «крумкачы» кардынальна абнавілі склад, у руля стаў экс-памочнік Алега Кубарава Сяргей Казека, які ўжо паспеў самастойна кіраваць камандай у Д2 летась. У камандзе зараз спрэс моладзь, якую настаўляюць капітан Яцкевіч і вопытны абаронца Паўлючак, які прыйшоў зімой.
Увогуле, магчымасці каманд да матчу былі больш за няроўныя. Гаспадарам заставалася хіба спадзявацца на маральна-валявыя якасці, як звычайна магутную падтрымку заўзятараў, а яшчэ на асаблівы статус матча. «Крумкачы» зрабілі гэты паядынак дабрачынным. 1 траўня ў камерцыйнага дырэктара клуба і ўвогуле добра вядомага ў мінскіх футбольных колах чалавека Юрыя Турэйкі прама падчас каментавання матчу каманды здарыўся інсульт. Пасля гэтага ў бальніцы – яшчэ адзін, затым быў інфаркт, два тыдні комы і каля месяца ў рэанімацыі. Усю выручку ад продажу квіткоў на гэты матч (у тым ліку па спецыяльным кошце ў 20 рублёў) клуб адправіць сям’і Юрыя. Дзеці, якія суправаджалі футбалістаў, выйшлі перад матчам у адпаведных майках. Квіткі (так, на ўжо мінулы паядынак), калі што, будуць яшчэ даступныя да канца тыдня…
Ці то дабрачынны статус паядынку, ці то даволі гучная шыльда таму паспрыялі, але на трыбунах, згодна з афіцыйным пратаколам, сабралася амаль 800 гледачоў, што для РЦАРа-БДУ добрыя лічбы, нават з улікам таго, што тут гуляе лідэр вышэйшай лігі «Энергетык-БДУ». Зрэшты, нічога дзіўнага – сектар «Крумкачоў» і не думаў радзець нават у другой лізе. Роўна як было відавочна, што ён будзе больш і гучней іслацкага.
На полі, аднак, усё было на карысць «Іслачы». «Крумкачы» аказвалі супраціўленне роўна да таго часу, пакуль хапала сіл. Напорка напрацаваў статус MVP матчу яшчэ да перапынку (калі б нейкім цудам ён не прапусціў, гэта б увогуле не абмяркоўвалася) — да фінішу тайма гаспадары ўжо сталі сістэматычна не паспяваць за «ваўкамі», у якіх быў змешаны склад. Ці то Радзькоў сур’ёзна баяўся суперніка, ці то такі быў план яго ратацыі, але ў «старце» ў «Іслачы» выйшаў напалову асноўны склад.
КРУМКАЧЫ (4-2-3-1): Напорка — Волкаў (Дзянісеня, 90+1), Паўлючак, Ладуцька, Паўлавец — Камароў (Корзун, 68), Старыкаў — Фаставец (Хамутоўскі, 85), Куратнік (Якімцаў, 90+ 1), Яцкевіч (к) — Каленскі (Ліпніцкі, 73).
ІСЛАЧ (4-3-3): Свірскі — Пігас, Ковель, Сцяпанаў, Дыбанга — Гуз (Зімін, 73), Р.Лісаковіч (Патоцкі, 46), Нікіфарэнка (Фард, 79) — Роўда, Марозаў (Саса, 46) , Казырэнка (к) (Дз.Лісаковіч, 46).
Але што яшчэ больш важна, частка яго ж заставалася на лаўцы запасных. І калі ў перапынку на табло гарэлі «нулі», а каманда Сяргея Казекі думала, як бы адсапціся ды пратрымацца яшчэ 45 хвілін, сапернік мог дазволіць сабе выпусціць на замену Патоцкага, Сасу і Дзмітрыя Лісаковіча. Гулец нацыянальнай зборнай Нігера пасля фактычна і зрабіў увесь вынік: спачатку «асіставаў» на Ладуцьку, які зрэзаў мяч у свае вароты, а затым вызначыўся дублем (у Дэніэла, дарэчы, ужо 5 галоў у апошніх 3 матчах). Абодва разы «Іслач» карысталася тым, што супернік змушаны быў рызыкаваць. Уласна, ужо да 57-й хвіліне гаспадароў грунтоўна ўціснулі ў сваю штрафную – адразу тры замены Радзькова ў перапынку далі неабходны эфект. Дзесяціхвілінная серыя цудаў, калі мяч лётаў туды-назад па штрафной Напорка, скончылася на 65-й хвіліне якраз з аўтаголам Ладуцькі.
Ужо тады няцяжка было здагадацца, што для гаспадароў гэта амаль прысуд. Самотны форвард Каленскі ўжо быў адарваны ад астатняй каманды ў сярэднім метраў на дваццаць, і толькі ў халастую насіўся за далёкімі закідамі. Тое ж самае было яго з ягоным зменшчыкам Ліпніцкім, які далучыўся да асноўнай каманды толькі за тыдзень да гульні. «Крумкачы» не маглі сабе дазволіць перайсці ў нападзе больш чым удваіх ці ўтрох. У 37-гадовага Яцкевіча сілы таксама не бязмежныя.
Крумкачы – Іслач – 0:3
Галы: 0:1 — Ладуцька (65, аўтагол, пас — Соса), 0:2 — Соса (81, пас — Д.Лісаковіч), 0:3 — Соса (90+4).
Пратакол, статыстыка матча