У суботу «Крумкачы», якія па выніках мінулага сезона засталіся без пуцёўкі ў вышэйшую лігу, а потым і зусім без прапіскі ў першай, стартавалі ў трэцім дывізіёне. Football.by наведаў першы матч «крумкачоў» на сталічным РЦАРы.
Наогул, сезон у другой лізе стартаваў яшчэ тыдзень таму. У адрозненне ад мінулага года, тут, нагадаем, з’явіўся чыста сталічны дывізіён, які сфарміравалі некалькі каманд з Мінска, якія выступалі ў 2021-м у зонах Мінскай вобласці, а таксама шэраг калектываў з АЛФ – самага вялікага аматарскага чэмпіянату краіны. Каб стымуляваць пераход у другую лігу, федэрацыя пастаралася стварыць ім больш выгадныя ўмовы. Тым не менш, у Мінскім дывізіёне аказалася толькі восем каманд. Але не ўсе дажылі нават да старту сезона. «Фаварыт», матчам з якім «Крумкачы» і павінны былі адкрываць сезон, незадоўга да пачатку чэмпіянату зняўся з турніру, і «крумкачы» першы тур прапускалі. А ў другім прымалі «Трактар», які лічыцца адной з наймацнейшых аматарскіх каманд у краіне (гэта як раз выхадзец з АЛФ).
За міжсезонне ў «Крумкачоў» шмат што змянілася. Па зразумелых прычынах быў згорнуты эксперымент з платформай Sportexclub, які стаў незвычайнай з’явай для (як мінімум) беларускага футбола ў мінулым сезоне – на многія рашэнні, аж да выбару складу на гульню, маглі ўплываць балельшчыкі шляхам галасавання на платформе. Працягваць праект з улікам сітуацыі было бессэнсоўна.
Акрамя таго, «крумкачы» – у прынцыпе, таксама па зразумелых прычынах – доўгі час заставаліся без стадыёна. САК «Алімпійскі» без тлумачэння прычын адмовіў клубу ў працягу арэнды. Прычыны, зрэшты, здаецца, тлумачыць і не трэба, як і тое, што кіраўніцтву САКу, верагодна, настойліва парэкамендавалі гэта зрабіць. Як і кіраўнікам іншых стадыёнаў – не толькі ў Мінску, але і ў бліжэйшых гарадах. Па нашых звестках, апошнім больш-менш рэальным варыянтам, калі б клуб застаўся ў першай лізе, была Мар’іна Горка, аднак не зраслося і там. Таварыскія ж матчы ў міжсезонне «Крумкачы» праводзілі ў Чысці, аднак тамтэйшае поле не падыходзіць для гульняў Д2 (прынамсі, так было). Калі ж каманда «апусцілася» у Д3, усе праблемы са стадыёнамі ў сталіцы магічным чынам вырашыліся. Зрэшты, у першай лізе ў сітуацыі, калі ўсе дзверы з яе па факце зачыненыя, заставацца “крумкачам” не было ніякага сэнсу.
Зразумела, змяніўся і склад. Напярэдадні матча мы ўжо пісалі пра тое, куды раз’ехаліся футбалісты «Крумкачоў» — геаграфія атрымалася даволі шырокай.
Куды раз’ехаліся «Крумкачы». Ад Таджыкістана і Уладзівастока да «Маларыты» і «Астраўца».
Але некаторыя ўсё ж засталіся. Найперш Аляксандр Яцкевіч — 37-гадовы нападаючы зараз з капітанскай павязкай. З леташняга складу ў цяперашнім, апроч яго, яшчэ толькі двое – паўабаронцы Вадзім Фаставец і Аляксей Баранаў. У першай лізе яны атрымлівалі зусім няшмат гульнявой практыкі, затое ў другой, здаецца, будуць аднымі з ключавых футбалістаў. Ну, і, вядома, на трэнерскім мастку застаўся Сяргей Козека, які ў мінулым сезоне асіставаў Алегу Дулубу і Алегу Кубараву, а паміж гэтым узначальваў каманду сам у статусе выконваючага абавязкі галоўнага трэнера.
Сярод навічкоў у асноўным моладзь, выхадцы з юнацкіх каманд “Крумкачоў”, плюс некалькі выканаўцаў старэйшых, самы вядомы з якіх Кірыл Паўлючак. 37-гадовы абаронца пагуляў у вышэйшай лізе за мінскае “Дынама”, “Нёман”, “Гомель”, “Днепр”, “Гарадзею”, “Славію”, “Смаргонь”, правёў адзін сезон у малдаўскім “Зімбру”. Таксама ў яго актыве 3 матчы за нацыянальную зборную Беларусі. Увогуле, для другой лігі падпісанне з разраду “топ”.
Але сёе-тое ў “Крумкачах” не змянілася і ў другой лізе. Па-першае, гэта статус аднаго з самых медыйных клубаў краіны. У перадпачатку старту ў Д3 “крумкачы” прэзентавалі новую форму, запусцілі продаж абанементаў (хоць, хутчэй, гэта фармат “данатаў” клубу — самы дарагая карта заўзятара на сезон каштуе 700 рублёў!) і нават прывезлі на РЦАР фудкорт і кропку продажу атрыбутыкі. Думаю, не памылімся, выказаўшы здагадку, што ні ў адной іншай каманды другой лігі падобнага няма і блізка. Па-другое, гэта тое ж войска заўзятараў. Яно і па мерках першай лігі было ўнушальным, у тым ліку на ўсіх без выключэння выязных матчах. У Д3 кантраст яшчэ мацнейшы. У суботу на РЦАР-БДУ іх сабралася каля дзвюх сотняў.
Відавочны кантраст з мінулым сезонам быў і на полі. Намінальныя гаспадары (“Трактар” таксама праводзіць дамашнія матчы на гэтым стадыёне) яшчэ не ў поўнай меры згуляліся ў новым складзе. Намінальныя госці ў прынцыпе прывыкаюць да пераходу з аматарскага футбола. Ім відавочна не хапае фізічных кандыцый, і ў другой палове таймаў гульцы “Трактара” амаль выдыхаюцца. Тым не менш, першая перамога не даецца “Крумкачам” лёгка — распячатаць вароты саперніка ўдалося толькі на пачатку другога тайма пасля розыгрышу вуглавога, а ўмацаваць поспех толькі ў апошнюю дзесяціхвілінку (Яцкевіч забіў галавой). Яшчэ ў першым тайме рэферы Лашук (дарэчы, з вопытам вышэйшай лігі) мог прызначаць пенальці ў вароты “крумкачоў”, аднак у выніку парушэння ўсё ж не ўгледзеў.”
КРУМКАЧЫ (4-1-4-1): Напорка — Волкаў (Дзянісеня, 78), Паўлючак, Ладуцька, Паўлавец — Баранаў (Ханеня, 58) — Фаставец (Каленскі, 58), Куратнік (Камароў, 89), Старыкаў, Яцкевіч (к) – Якімцоў (Лісюк, 78).
А пасля матча football.by паразмаўляў з капітанам “Крумкачоў” Аляксандрам Яцкевічам.
- Добры матч, і супернік таксама. Не сказаў бы, што ўзровень турніру моцна адрозніваецца ад першай лігі. Той жа “Трактар” – думаю, калі б каманда яшчэ патрэніравалася, набрала фізічную форму, то цалкам нядрэнна глядзелася б і на ўзроўні Д2. Гуляць хлопцы, якія не б’юць мяч куды патрапіла. Так што матч атрымаўся цяжкі. А калі б арбітр яшчэ прызначыў адзінаццаціметровы, увогуле ўсё магло па-іншаму разгарнуцца. Усіх з перамогай, спадзяюся, нам і далей будзе спадарожнічаць поспех да радасці нашых балельшчыкаў.
— “Крумкачы” гэтага ўзору, здаецца, яшчэ таксама не да канца прывыклі адно да аднаго.
- Абвыкаем. Шмат новых хлопцаў, працэнтаў дзевяноста. Многія робяць толькі першыя крокі ў дарослым футболе, гуляюць, скажам так, супраць мужыкоў. Трэба час, каб крыху прыстасавацца, і да хуткасцяў таксама.
— Ты і ў мінулай камандзе быў “дзядзькам”, а цяпер тым больш. Як сябе адчуваеш у гэтай ролі?
- Ды звычайна. Усё як заўсёды.
— Пасля многіх сезонаў у вышэйшай лізе навошта табе наогул зараз другая?
- Ну, пра “вышку” гэта было ўжо даўно і няпраўда. Цяпер гуляем паціху тут. Галоўнае – атрымліваць задавальненне ад гульні і ад падтрымкі заўзятараў, якія працягваюць прыходзіць на матчы. Гэта выдатная атмасфера. Дзякуй усім вялікі.
— Былі наогул варыянты ў міжсезонне?
- Так, клікалі некалькі каманд з першай лігі: “Нафтан”, “Хваля”. Чакалі да апошняга. Але вырашыў заставацца паслядоўным у сваіх рашэньнях. Грошай вялікіх у футболе зараз усё роўна нідзе не заробіш, так што буду тут да канца дапамагаць, чым змагу. Больш асабліва ўсё роўна нічога не скажаш – проста зрабіў выбар.
Другая ліга. Мінскі дывізіён. 2-і тур
Крумкачы – Трактар – 2:0
Галы: 1:0 – Паўлавец (47, пас – Старыкаў, з вуглавога), 2:0 – Яцкевіч (80, пас – Старыкаў).
Пратакол матчу