«Пройдзем выпрабаванне з высока паднятай галавой». У Мінску прайшла сустрэча НФК «Крумкачы» з заўзятарамі

Кожны год НФК «Крумкачы» ладзяць сустрэчу са сваімі заўзятарамі. У гэтым годзе сустрэча прайшла ў рэстаране «Мулен Руж».

Для больш блізкага знаёмства заўзятараў з гульцамі, у пачатку сустрэчы прайшла прэзентацыя каманды з кароткай інфармацыяй аб кожным футбалісце.

Пасля прэзентацыі выступілі галоўны трэнер каманды – Сяргей Казека і капітан – Аляксандр Яцкевіч, і падзяліліся чаканнямі на сезон. Яны адзначылі маладосць нашай каманды і яе зараджанасць на поспех у надыходзячым сезоне.

Камерцыйны дырэктар клуба Юрый Турэйка прадставіў заўзятарам новыя абанементы на гэты сезон: «Вароты Мінска», «Чырвоны касцёл» і «Траецкае прадмесце». Пра асаблівасці кожнага з абанементаў і магчымасць іх пакупкі можна даведацца тут.

У гэтым годзе асаблівасцю сустрэчы была камандная гульня-квіз «Мазгабойня». Гульня складалася з 5 раўндаў. Многім заўзятарам запомніліся раунды, прысвечаныя футболу і гісторыі НФК «Крумкачы».

У многіх камандах разам з заўзятарамі гулялі футбалісты і трэнерскі штаб. Гэта дапамагло лепш даведацца адзін пра аднаго і пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы.

Барацьба захоўвалася да апошняга раунда «Бліц». Па выніку гульні перамагла каманда «Чорныя птэрадактылі», а галоўны прыз быў прадстаўлены нашым партнёрам Local Pub. Пасля гульні прадстаўнік партнёра падзякавала камандзе за ўдзел, павіншавала пераможцаў і пажадала «Крумкачам» добрай гульні ў будучым сезоне.

Падчас падліку вынікаў квіта, да заўзятараў і каманды звярнуліся легенды НФК «Крумкачы», гульцы Аляксей Хадневіч, Павел Валчэцкі, Павел Грэчышка, Яўген Шыкаўка, Філіп Іваноў, трэнер Алег Дулуб, маркетолаг Аляксей Важнік.

Яны адзначылі, што «Крумкачы» ужо праходзілі такі шлях, калі клуб быў вымушаны гуляць у Другой лізе, а таксама выказалі ўпэўненасць у тым, што ў клуба зноў атрымаецца прайсці гэты шлях паспяхова. «Я ўпэўнены ў тым, што і на гэты раз, «Крумкачы» пройдуць гэтае выпрабаванне з высока зразуметай галавой і вернуць сабе страчаныя пазіцыі», – адзначыў былы нападаючы клуба Аляксей Хадневіч.

Пасля гульні многія заўзятары прадоўжылі размаўляць з футбалістамі, трэнерамі і кіраўнікамі клуба. Таксама яны мелі магчымасць сфатаграфавацца з футбалістамі і прадстаўнікамі трэнерскага штаба, за якіх будуць горача перажываць ужо ў найбліжэйшы час.

Мы ад усяго сэрца дзякуем і нашым заўзятарам, якія змаглі прыйсці на сустрэчу, і спадзяемся, што вам усё спадабалася і чакаем вас на стадыёне!

Фота: Аляксандр Шычко і Ганна Гундар.

Таксама дзякуем усім, хто дапамог арганізаваць сустрэчу. Дзякуй, што дапамагаеце рабіць наш футбольны клуб лепш і бліжэй да нашых заўзятараў.

Уладзіслаў Сакалоўскі