Гісторыя
Першае згадка аб «Крумкачах» адносіцца да 2011 года, калі каманда з такой назвай пад кіраўніцтвам Дзяніса Шунто і Васіля Глезава брала ўдзел у гарадскіх спаборніцтвах па футболе ў фармаце 7х7 і 8х8.
У 2014 годзе «Крумкачы» сталі юрыдычнай асобай і падалі заяву на ўдзел у чэмпіянаце краіны па футболе ў другой лізе. Дзяніс Шунто стаў аўтарам ідэі, у рэалізацыі якой яму дапамагалі сябры Васіль Глезаў і Уладзіслаў Маяроўскі.
2014
З 2014 года афіцыйнымі колерамі клуба сталі чорны і белы. Першы афіцыйны матч каманда правяла 26 красавіка супраць дзяржынскай «Лівадыі» і перамагла з лікам 2:0. У тым жа сезоне была здабыта і першая буйная перамога — 25 траўня ў розыгрышы Кубка Беларусі супраць мінскага «Энергазбыту»-БДАТУ — 3:0. У выніку ў першым жа сваім сезоне ў вялікім футболе «Крумкачы» занялі 2 месца ў другой лізе і выйшлі ў першую.
2015
І ў першай лізе «крумкачы» выступалі паспяхова, знаходзячыся на працягу ўсяго чэмпіянату ў групе лідараў. 15 лістапада 2015 года ў апошнім матчы турніру «Крумкачы» перайгралі магілёўскі «Днепр» з лікам 2:0 і дамагліся гістарычнага дасягнення: заваявалі права ўдзельнічаць у вышэйшай лізе.
2016
На старце першага сезона ў элітным дывізіёне ў клуба з’явіўся ўласны гімн, у якім упершыню выразна прагучала крычалка «Разам зможам перамагчы», якая дагэтуль яднае заўзятараў.
У 2016 годзе «Крумкачы» вельмі ўпэўнена стартавалі ў вышэйшай лізе. У першым матчы дамагліся выязной нічыёй з «Белшынай» — 1:1. А ў другім – і першай перамогі: дома быў абыграны гарадзенскі «Нёман» – 2:1. Пасля чатырох тураў «крумкачы» ішлі ў групе лідараў з 8 пунктамі і без параз. Апроч гэтага, цягам сезона каманда адзначылася яшчэ некалькімі сенсацыямі. Гучнымі вынікамі сталі перамога над салігорскім «Шахцёрам» на выездзе — 2:0 і разгром мінскага «Дынама» на сваім полі — 4:1.
У летняй паўзе «Крумкачы» правялі таварыскі матч на выездзе супраць маскоўскага ЦСКА (0:2). Аднак на канцоўку сезона сіл у каманды не хапіла. Апроч таго, у кастрычніку каманду пакінуў галоўны трэнер Алег Дулуб, які выводзіў яе ў элітны дывізіён. У выніку ў сваім першым сезоне ў вышэйшай лізе «Крумкачы» фінішавалі на 11 месцы.
2017
Сезон-2017 для «Крумкачоў» склаўся не лепшым чынам. Пачыналі яны яго пад кіраўніцтвам украінскага спецыяліста Уладзіміра Пяценкі, якога ў траўні змяніў Аляксей Кучук. Нягледзячы на шэраг гучных вынікаў (напрыклад, гасцявая перамога над БАТЭ — 3:2), «Крумкачы» фінішавалі толькі на 13 месцы. Аднак у той жа час упершыню ў сваёй гісторыі трапілі ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі.
Тым не менш, клуб забяспечыў сабе ўдзел у вышэйшай лізе на наступны сезон.
2018
Аднак у лютым-сакавіку 2018 года перад пачаткам новага чэмпіянату федэрацыя футбола (АБФФ) адмовіла клубу ў прыняцці заявы для праходжання ліцэнзавання, спасылаючыся на парушэнне дэдлайну для прадстаўлення дакументаў. Апеляцыі і зварот у арбітражны камітэт, якія наступнічалі гэтаму, не былі задаволены, і каманда не змагла заявіцца для ўдзелу ў чэмпіянатах вышэйшай і першай ліг.
Непасрэдна пасля канчатковага рашэння арбітражнага камітэта група заўзятараў каманды за кароткі тэрмін аформіла новую юрыдычную асобу — «НФК Крумкачы». Створаная каманда па дамоўленасці з кіраўніцтвам ФК «Крумкачы» пакінула за сабой сімволіку «крумкачоў», юрыдычна не з’яўляючыся пры гэтым поўным правапераемнікам клуба. Пазней была пададзена заява для ўдзелу ў чэмпіянаце другой лігі сезона 2018 года.
Па выніках сезона-2018 «крумкачы» сталі срэбранымі прызёрамі трэцяга дывізіёна і зноў выйшлі ў першую лігу.
2019
Напачатку 2019 года клуб змяніў назва на НФК («Незвычайна фантастычная каманда»), каб пазбегнуць прэтэнзій з боку БФФ з нагоды старой юрыдычнай асобы «Крумкачы».
Перад камандай было пастаўлена задача выйсці ў вышэйшую лігу. Старт у НФК атрымаўся не вельмі паспяховым: пасля сямі тураў «крумкачы» займалі 12 месца, здабыўшы ўсяго адну перамогу. Таму ў канцы траўня адбылася змена трэнерскага штаба — месца Аляксея Кучука заняў Сяргей Кузьмініч. Нягледзячы на высілкі новага галоўнага трэнера і прыход новых гульцоў, НФК не змог кампенсаваць страчанае напачатку сезона і ў выніку заняў 8 месца.
2020
У міжсезонне-2019/20 працягнулася перабудова каманды, істотна абнавіўся склад. Апроч таго, клуб вярнуў сабе назву і стаў звацца «НФК Крумкачы».
Мэты на сезон-2020 у «Крумкачоў» не змяняліся. Яны, як і заўсёды, адпавядалі дэвізу клуба: «Ляцець высока, глядзець далёка!» На гэты раз «Крумкачы» прайшлі дыстанцыю першай лігі нашмат паспяховей, у другі раз у гісторыі заняўшы выніковае 3 месца ў другім дывізіёне. Тым самым «крумкачы» заваявалі права ўдзельнічаць у пераходных матчах, якія адбыліся ў снежні 2020 года. На жаль, у іх каманда двойчы саступіла «Слуцку», які фінішаваў на 14 пазіцыі ў вышэйшай лізе — 0:2, 1:2 і павінна была застацца ў першай лізе.
2021
Аднак у міжсезонне-2020 пасля ліквідацыі аднаго з прадстаўнікоў эліты — «Гарадзеі» — «Крумкачы» як трэцяя каманда першай лігі павінны былі заняць вакантнае месца. Тым не менш, федэрацыя футбола па самых розных падставах не дапускала каманду для праходжання ліцэнзавання ў вышэйшую лігу, спасылаючыся то на страчаны ў стыкавых матчах шанец трапіць у першы дывізіён (нягледзячы на адсутнасць такога пункта ў рэгламентавальных дакументах), то на адсутнасць рэгістрацыі ў спісе чальцоў АБФФ цягам двух гадоў (цікава, што гэта не перашкодзіла некаторым іншым клубам у такой жа сітуацыі трапіць у вышэйшую лігу). Нягледзячы на апеляцыі, «Крумкачам» давялося застацца ў першай лізе. У лютым 2021 года «Крумкачы» звярнуліся з гэтай нагодзы ў УЕФА…
Тым часам у камандзе адбываліся вялікія змены. У студзені 2021 года на пасаду галоўнага трэнера «Крумкачоў» вярнуўся Алег Дулуб, якому сталі дапамагаць Сяргей Казека, Эдуард Тучынскі і Сяргей Кубараў. Спартыўным дырэктарам «Крумкачоў» стаў Алег Кубараў. Істотна змяніўся склад каманды — на працягу міжсезоння «Крумкачы» рыхтаваліся выступаць у вышэйшай лізе, таму значна ўзмацніліся.
Адбываліся і іншыя сур’ёзныя змены ў клубе, які стаў адным з самых медыйных у краіне і безумоўна самым адкрытым. У красавіку 2021 была запушчана медыяплатформа Sportexclub, якая ў спалучэнні з абанементамі на сезон давала карыстальнікам доступ да ўнікальнага кантэнту, а таксама дазваляла ўладальнікам картак уласніка браць непасрэдны ўдзел у жыцці клуба і ўплываць на яго, у залежнасці ад свайго статусу (колькасці набытых віртуальных акцый).
Мэты на сезон-2021 у «Крумкачоў» не змяняліся. Чэмпіянат першай лігі «Крумкачы» правялі аналагічна папярэдняму, у трэці раз у гісторыі заняўшы выніковае 3 месца ў другім дывізіёне. Тым самым “крумкачы” атрымалі права ўдзельнічаць ў пераходных матчах, якія адбыліся ў снежні. Па выніках сезона-2021 «Крумкачы» ў стыкавых матчах прайгралі «Славіі» і засталіся ў першай лізе.
2022
Міжсезонне-2022 таксама праходзіла не без праблем. Пасля таго, як каманда зноў страціла шанец падняцца ў вышэйшую лігу праз стыкавыя матчы са “Славіяй”, у цэлым стала пытанне аб выступленні ў першай лізе. Большая частка каманды пайшла ў іншыя клубы, а САК “Алімпійскі” і зусім адмовіўся прадастаўляць стадыён на будучы сезон.
Заручыўшыся падтрымкай нашых заўзятараў, клуб прыняў рашэнне зноў апусціцца ў другую лігу. З леташняга складу ў камандзе засталіся Аляксандр Яцкевіч, які стаў капітанам каманды, і Вадзім Фаставец, які стаў адным з джокераў у новым сезоне, але ў цэлым каманда на 98% абнавілася. Нягледзячы на гэта, каманда папоўнілася сапраўды гучнымі для беларускага футбола імёнамі: у цэнтр абароны быў падпісаны Кірыл Паўлючак, а трэніраваць брамнікаў прыйшоў Валерый Макарэвіч, які падчас сезона вярнуўся ў вялікі футбол.
Каманда пад кіраўніцтвам Сяргея Казекі, які быў памочнікам Алега Дулуба і Алега Кубарава ў сезоне-2021, добра пачала сезон у Мінскім дывізіёне, але пасля перапынку крыху здала, завяршыўшы групавую стадыю на другім месцы, аддаўшы першае месца ў дывізіёне “Юні-Мінск”. Паралельна хлопцы дайшлі да 1/16 фіналу Кубка Беларусі, дзе саступілі “Іслачы”.
Не без цяжкасцяў «Крумкачы» рухаліся па плей-оф другой лігі, але, нягледзячы ні на што, часта на характары, футбалісты дайшлі да фіналу. У ім каманда магла выйграць першыя ў гісторыі клуба залатыя медалі. Аднак пры неверагоднай атмасферы на «Дынама-Юні», дзе абедзве каманды гулялі, быццам гэта «залаты матч» каманд вышэйшай лігі, дзе ініцыятыва змянялася кожную хвіліну матчу, «Ніва» з Долбізна апынулася мацнейшай у дадатковы час – 5:2.
Стадыён
З моманту заснавання каманда праводзіла свае дамашнія матчы на натуральным футбольным полі спартыўнага алімпійскага комплексу «Алімпійскі», пабудаваным у 2004 годзе. Стадыён мае дзве пяці-шасціярусныя трыбуны агульнай умяшчальнасцю 1500 месцаў. На полі ўсталявана электроннае табло, гукавое абсталяванне, аўтаматычная сістэма палівання газона.
Аднак з прычыны выхаду клуба ў 2016 годзе ў вышэйшую лігу, АБФФ забараніла праводзіць гульні на гэтай арэне, таму дамашнія матчы «Крумкачоў» сталі праходзіць на стадыёне футбольнага клуба «Мінск». Згаданая арэна мае поле са штучным пакрыццём і дзве трыбуны агульнай умяшчальнасцю 3000 чалавек, электроннае табло і штучнае мачтавае асвятленне.
У сезоне-2018 дамашнія матчы НФК «Крумкачы» праводзіў на стадыёне РЦАР-БДУ. 25 жніўня 2019 года НФК вярнуўся на натуральнае поле САК «Алімпійскі», дзе і праводзіў дамашнія гульні (ранняй вясной выкарыстоўваецца таксама штучнае поле таго ж комплексу). У сезоне-2022 «Крумкачы» вярнуліся на стадыён РЦАР-БДУ.